У Варшаве пройдзе акцыя ў падтрымку Аўтуховіча
7 студзеня, у дзень нараджэння палітвязня, акцыя ў яго падтрымку пройдзе ў польскай сталіцы.
Пачнецца яна а 16-й па польскім часе каля помніка Каперніку (а 18-й па беларускім).
Мікалай Аўтуховіч — беларускі прадпрымальнік, палітычны актывіст, палітвязень. Сёння за кратамі ён адзначае свой 51-ы дзень народзінаў.
Першы раз Аўтуховіча арыштавалі ў кастрычніку 2005 года, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў. Тады яго асудзілі на тры з паловай года. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку санкцый ЗША і Еўрасаюза.
Другі раз Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 года. За перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым у незаконных дзеяннях з боепрыпасамі і прысудзіў да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Выйсці на волю ён павінен сёлета ў красавіку.
Фота — nn.by