У Ваўкавыску непаўналетняга судзілі за зрэзаны чырвона-зялёны сцяг

Зрэзаны сцяг / sk.gov.by
У Ваўкавыску непаўналетняга судзілі за зрэзаны чырвона-зялёны сцяг. Юнака прызналі вінаватым у "здзеку над дзяржаўным сімвалам" (арт. 370 КК) і прызначылі абмежаванне свабоды на 1 год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатнюю хімію"). Справу разглядаў суд Ваўкавыскага раёна.
Здарэнне адбылося ў лістападзе 2024 года. 16-гадовы навучэнец каледжа, знаходзячыся на даху пад'езда жылога дома ў раённым цэнтры, зрэзаў нажом з дрэўка чырвона-зялёны сцяг. І забраў яго дадому. Хлопца вылічылі міліцыянты і затрымалі, змясцілі пад варту. Следчых вельмі цікавіла прычына ўчынку непаўналетняга, але ён маўчаў ("Прычыну свайго бесцырымоннага ўчынку хлопец растлумачыць не змог", пісаў Следчы камітэт).
Ні сілавікі, ні прапагандысты не могуць патлумачыць, чаму беларусам не падабаецца чырвона-зялёны сцяг. Чаму, нягледзячы на затрыманні і суды, такія здарэнні працягваюцца не першы год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.