У СК не могуць патлумачыць, чаму беларусы зрываюць чырвона-зялёныя сцягі
Затрыманні за сарваныя чырвона-зялёныя сцягі ўжо некалькі гадоў адбываюцца ў розных рэгіёнах Беларусі
Следчы камітэт паведамляе пра чарговае затрыманне "за здзек над дзяржаўным сцягам". На гэты раз яно адбылося ў Баранавіцкім раёне. 37-гадовы мужчына ўвечары 12 верасня сарваў чырвона-зялёны сцяг з крамы, пасля чаго занёс яго дахаты. Сцвярджаецца, што ён быў нецвярозы. Мужчыну знайшлі і затрымалі. Распачатая крымінальная справа па артыкуле "здзек над дзяржаўнымі сімваламі". Вядома, што раней жыхара Баранавіцкага раёна судзілі за крадзеж.
Падобныя затрыманні за сарваныя чырвона-зялёныя сцягі ўжо некалькі гадоў адбываюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Ні Следчы камітэт, ні прапагандысты не могуць патлумачыць, чаму беларусам не падабаецца чырвона-зялёны сцяг. Іх намагаюцца прымусіць яго паважаць.
Нядаўна начальнік УСК па Гомельскай вобласці Сяргей Удовікаў у інтэрв'ю "Гомельскай праўдзе" сказаў, што, на яго погляд, справы "пратэснай тэматыкі" ніколі не скончацца. Ён лічыць, што па іх праходзяць людзі, якія нешта зрабілі "на эмоцыях" ці "паддаліся ўплыву дэструктыўных тэлеграм-каналаў". Менавіта іх штодня затрымліваюць па ўсёй Беларусі сілавікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.