У Венгрыі дабудоўваюць самы доўгі ў свеце падвесны пешаходны мост
Падвесны пешаходны мост у Венгрыі
У Венгрыі дабудоўваюць самы доўгі ў свеце падвесны пешаходны мост. Яго даўжыня складзе амаль 800 метраў. Мост адкрыюць да канца вясны 2024 года, піша blikk.hu.
Bild нагадвае, што нядаўна на захадзе Германіі адкрылі падвесны мост Willinger Skywalk даўжынёй 665 і вышынёй 100 метраў. Ён стаў самым доўгім свабодным падвесным пешаходным мостам у свеце. Цяпер у Венгрыі хочуць пабіць германскі рэкорд.
За 250 км на паўночны ўсход ад Будапешта амаль пабудавалі падвесны пешаходны мост паміж двума вяршынямі горнага масіву Земплінске-Врхі. Ён знаходзіцца на вышыні амаль 80 метраў, яго шырыня — 1,2 метра. У сярэдзіне моста будзе шкляная падлога.
Мост быў спраектаваны такім чынам, каб аказваць мінімальнае фізічнае ўздзеянне на ландшафт, таму збудаванне не падтрымліваецца вялікімі бетоннымі слупамі, а вядучая да яго пешаходная дарожка спраектаваная такім чынам, каб адпавядаць сілуэту навакольных гор.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.