У Венгрыі назвалі хлуснёй звесткі пра спрашчэнне ўезду для грамадзян РБ і РФ
Сцяг Венгрыі
"Дзіцячай хлуснёй" назваў кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта размовы пра тое, што яго краіна спрасціла ўезд для грамадзян Беларусі і Расіі.
Так ён адрэагаваў на дзеянні Літвы, якая падала ў Еўракамісію просьбу прааналізаваць рашэнне Венгрыі. Афіцыйная Вільня заявіла, што гэты крок пагражае бяспецы Еўрапейскага Саюза.
"Аднавілася балтыйская прапагандысцкая кампанія супраць нашай краіны, гэтым разам у сувязі з тым, што ў праграму "нацыянальная карта" акрамя грамадзян шэрагу іншых краін уключаныя таксама грамадзяне Расіі і Беларусі. І гэтым мы ставім пад пагрозу бяспеку Шэнгенскай зоны, сцвярджаюць краіны Балтыі. Гэта дзіцячая хлусня", — піша Сіярта ў Фэйсбуку.
Паводле яго, грамадзяне Беларусі і Расіі "па-ранейшаму могуць уязджаць у Венгрыю і, такім чынам, на тэрыторыю Шэнгенскай зоны толькі па візе, а від на жыхарства яны могуць атрымаць толькі ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам".
Венгерскі міністр нагадвае, што еўрапейскія правілы аддаюць правядзенне такіх працэдур і выдачу віду на жыхарства ў нацыянальную кампетэнцыю і такімі ж правамі валодаюць улады Літвы, Латвіі жы Эстоніі.
Як расказвала Еўрарадыё, Венгрыя пашырыла на беларусаў і расіян дзеянне аднаго з тыпаў віду на жыхарства — "нацыянальнай карты". Такі ВНЖ прадугледжвае спрошчаныя ўмовы ўезду і перабывання ў Венгрыі, а таксама дазваляе ўладкоўвацца на працу.
Гэта рашэнне Венгрыі выклікала крытыку ў ЕС, бо дазваляе грамадзянам РФ без праверкі трапіць у Шэнгенскую зону. Еўракамісія заявіла, што чакае ад Венгрыі тлумачэнняў па гэтым пытанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.