У Віцебскай вобласці з аўкцыёну прадаюць... туалет
Прыбіральня ў горадзе Дуброўне / e-auction.by
На сайце Віцебскага філіяла РУП "БелЮрЗабеспячэнне" з'явіўся незвычайны лот. Судовыя выканаўцы прадаюць з аўкцыёну... туалет у Дуброўне плошчай 4,5 квадратнага метра. Пачатковая цана такога неабходнага ў побыце памяшкання — 104 рублі.
"Аб стане пабудовы вычарпальна гавораць фатаграфіі, — расказвае Еўрарадыё адказны за аўкцыён Валерый Янчанка. — Калі вы паглядзіце папярэднія і наступныя лоты, распрадаецца цэлы комплекс маёмасці. Дэталяў у мяне няма. Пабудовы выстаўлены на аўкцыён за даўгі".
У характарыстыцы пазначана, што туалет належаў ААТ "Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў".
"Працавала 80 чалавек, а цяпер засталіся адны вартаўнікі"
Галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Бойка кажа, што ў гісторыі замяшана кампанія "Савушкін прадукт", а туалет стаіць на тэрыторыі былога маслазавода.
"Пасля прэзідэнцкага ўказа № 320 "Аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебскай вобласці" ўтварыўся холдынг: да Аршанскага КХП былі далучаны 32 гаспадаркі, у тым ліку малочны камбінат — тлумачыць ён. — Потым "малочку" выкупіў "Савушкін прадукт", а ўсю гэтую старызну [маслазавод] у Дуброўне браць не захацеў. І яму яе ніхто не змог уцюрыць разам з малочным камбінатам. Завод застаўся нам. А ў нас не той профіль. Мы не ведаем, што з ім рабіць, таму што ўсю сыравінную базу забраў "Савушкін прадукт". Вось таму мы яго прадаём".
Галоўны інжынер сцвярджае, што не ўнікаў у колькасць даўгоў холдынга, але пакідаць старыя пабудовы нерэнтабельна.
"Малочны камбінат быў прададзены чыстым, а даўгі засталіся за намі, — кажа ён. — Вядома, шкада. На маслазаводзе, калі ён дзейнічаў, працавала 80 чалавек, а цяпер засталіся адны вартаўнікі. Сыравіннай зоны няма — вось і ўсё. Адзін маслазавод без малочнага камбіната працаваць не будзе".
Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 320 быў выпушчаны 25 жніўня 2016 года "ў мэтах павышэння эфектыўнасці гаспадарання, стварэння ўмоў для развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебскай вобласці і прыцягнення інвестыцый".