У Вільні заявілі, што беларусы аказвалі псіхалагічны ціск на літоўскіх сілавікоў
У Вільні заявілі, што беларусы аказвалі псіхалагічны ціск на літоўскіх сілавікоў з дапамогай перахопу тэлефонных звестак. І адбывалася гэта ў 2021 годзе, калі выбухнуў міграцыйны крызіс. Інфармацыя пра гэта ўтрымліваецца ў дакладзе пра ацэнку пагроз нацыянальнай бяспекі Літвы. Дакумент падрыхтавалі Дэпартамент нацбяспекі і літоўская ваенная разведка.
"Наяўныя звесткі паказваюць, што метаданыя тэлефонных перамоў былі перахоплены, а пасля выкарыстаны для псіхалагічнага ўздзеяння", — цытуе даклад Delfi. Пацярпелі літоўскія вайскоўцы, якія ахоўвалі мяжу з Беларуссю, а таксама супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. Для ідэнтыфікацыі іх асоб выкарыстоўвалася інфармацыя з сацсетак. Пагрозы паступалі з фэйкавых акаўнтаў.
Таксама ў дакуменце згадваецца актыўнасць беларускай разведкі, якая збірае інфармацыю пра інфраструктуру, важную для нацбяспекі Літвы, пра сістэмы бяспекі на мяжы. "Такія даныя, верагодна, будуць выкарыстоўвацца не толькі для накіравання мігрантаў, але і для ваеннага планавання Беларусі і Расіі", — мяркуюць прадстаўнікі літоўскіх спецслужб.
Як вядома, летам 2021-га тысячы мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі спрабавалі нелегальна патрапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі. Гэтую плынь удалося спыніць толькі праз умацаванне аховы мяжы і адпраўку затрыманых мігрантаў назад у РБ. З восені мігранты ў асноўным спрабавалі патрапіць у Польшчу. Еўрасаюз усклаў адказнасць за міграцыйны крызіс на ўлады Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.