У выніку абвальвання часткі моста праз Нёман пацярпелі тры чалавекі
Ратуюць экскаватаршчыка
У выніку абвальвання часткі моста праз Нёман пацярпелі тры чалавекі. Яны шпіталізаваны ў Лідскую цэнтральную раённую бальніцу, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Здарэнне адбылося раніцай у панядзелак у раёне аграгарадка Беліца Лідскага раёна. Там абрынуўся пралёт неэксплутаванага моста. У выніку падзення пліты траўмы атрымалі два чалавекі, якія праводзілі дэмантаж. Трэці пацярпелы — рабочы, які разам з экскаватарам упаў у Нёман.
Усім траім пацярпелым аказалі першасную меддапамогу — на месца прыязджалі тры брыгады "хуткіх". Пасля іх завезлі ў Ліду. Спецыялісты цэнтральнай раённай бальніцы дыягнаставалі ў пацярпелых траўмы рознай ступені цяжкасці, у тым ліку чэрапна-мазгавыя, пераломы, пашкоджанні ўнутраных органаў і грудной клеткі. Двое пацярпелых знаходзяцца ў аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, аднаму пацыенту праводзіцца шэраг дадатковых даследаванняў.
Крымінальную справу распачалі паводле артыкула "парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.