У якіх умовах сядзіць Уладзіслаў Баўмгертнер
Былыя сядзельцы адзіночкі турмы КДБ: Віннікава параўнала форму гэтай камеры з труной, Фядута называе яе “пялёсткам рамонка”.
Праз “Амерыканку”, як часта называюць СІЗА КДБ у Мінску, прайшла вялікая колькасць людзей. Як правіла, там трымаюць падазраваных і абвінавачаных у здзяйсненні эканамічных злачынстваў. Пасля выбараў 2010 года ў “Амерыканку” трапіла шмат “палітычных”. Былыя вязні расказваюць пра даволі добрую мясцовую кухню, спецыфічную, выцягнутую форму камер і архітэктурныя асаблівасці — будынак СІЗА КДБ адносна невялікі і круглы, камеры тарцом выходзяць у цэнтральную частку, дзе размешчаныя лесвіцы і калідор. Таму вязні адносна добра інфармаваныя пра ўсе падзеі турэмнага жыцця.
Аб побыце вязня адзіночнай камеры “Амерыканкі” расказвае Аляксандр Фядута, які правёў там 55 дзён і заўважыў, перададзеная “Ганна Карэніна” — гэта паслабленне Баўмгертнеру, бо перадаваць кнігі забаронена.
Еўрарадыё: Як вы мяркуеце, чаму Баўмгертнера пасадзілі менавіта ў “адзіночку”?
Аляксандр Фядута: Па-першае, гэта дастаткова цяжкае выпрабаванне. Ты застаешся сам-насам з уласнымі думкамі. І тое, што ты можаш сабе прыдумаць, яно нашмат горшае за нейкія катаванні. Калі ў цябе няма субяседніка, гэта пэўным чынам адбіваецца на тваёй самасвядомасці. Я магу сказаць, што прыкладна на 44-ы дзень свайго знаходжання ў адзіночнай камеры пачаў адчуваць, што вар’яцею. А па-другое, калі маеш суразмоўцаў, то час ляціць хутчэй. А гэтае выпрабаванне, яно не толькі для тых, хто знаходзіцца на волі, але і для самога Баўмгертнера.
Еўрарадыё: Каго садзяць у адзіночную камеру “Амерыканкі”?
Аляксандр Фядута: Толькі VIP-арыштанты. У мой час у адзіночцы знаходзіўся толькі спадар Азаронак (былы камандзір супрацьпаветранай абароны Беларусі. — Еўрарадыё) і яшчэ адзін таямнічы вязень, пра якога мы амаль нічога не ведалі. Казалі толькі, што гэта нейкі былы генерал, з якога выбівалі альбо паказанні, альбо грошы.
Еўрарадыё: Як выглядае гэтая адзіночка ?
Аляксандр Фядута: Як такіх адзіночных камер там няма — яны ўсе аднолькавыя. Вязня проста трымаюць аднаго. Былая старшыня Нацбанка Тамара Віннікава неяк параўнала форму гэтай камеры з труной, але я асоба больш паэтычная. Таму я называў яе пялёсткам рамонка. Такое выцягнутае ў даўжыню памяшканне. Звычайная камера, без нейкіх прыстасаванняў апроч умывальніка, без прыбіральні.
Еўрарадыё: То бок, гендырэктар “Уралкалія” будзе сядзець нараўне з іншымі, без нейкіх паслабленняў?
Аляксандр Фядута: Хутчэй за ўсё, так. Хаця, адно паслабленне адміністрацыя яму ўсё ж зрабіла. З таго, што мы ведаем. Справа ў тым, што ў “Амерыканку” забаронена перадаваць кнігі. Вязням іх набывае адмысловы чалавек у суседняй кнігарні паводле папярэдняй заяўкі. За грошы вязня, вядома. А тут я даведаўся, што Баўмгертнеру па яго просьбе супрацоўнікі амбасады Расіі перадалі “Ганну Карэніну”. Выбар вельмі слушны, гэты раман можна чытаць вельмі доўга. І факт перадачы кнігі — выключэнне з правілаў “Амерыканкі”.
Еўрарадыё: Які распарадак дня ў адзіночцы СІЗА КДБ?
Аляксандр Фядута: У прыбіральню можна схадзіць двойчы на дзень, раніцай пасля пабудкі і ўвечары перад сном. У колькі гадзін, сказаць не магу — там проста няма гадзіннікаў. Думаю, гэта прыкладна паміж 6-7 гадзін ранку, і 20-22 гадзін вечара. Прагулка адзін раз на дзень, гадзіна альбо дзве. Душ адзін раз на тыдзень, у суботу, альбо ў нядзелю. Я спадзяюся, што Уладзіславу Баўмгертнеру зробяць палёгку і дазволяць прымаць душ двойчы. Таму што душ — гэта той момант, калі нават я забываўся на тое, дзе знаходжуся. Цёплая вада вельмі добра ўплывае на самаадчуванне вязня адзіночнай камеры.
Адным з апошніх “палітычных” вязняў СІЗА КДБ быў журналіст Антон Сурапін, якога падазравалі ва ўдзеле ў арганізацыі “шведскага плюшавага дэсанта”. Сурапін сядзеў там год таму, з ім размаўляем пра харчаванне ў сценах “Амерыканкі”.
Еўрарадыё: Чым кормяць у СІЗА КДБ? Прадуктовыя перадачы там дазволеныя?
Антон Сурапін: Дазволеныя. Маці перадавала мне мяса, каўбасу. А кормяць там тройчы на дзень, раніцай — каша з чорнай гарбатай, у абед — таксама каша вадзяністая. Вечарам рыба. Тры разы на дзень. Рацыён амаль не змяняецца, толькі кашы розныя могуць быць. Але за той месяц, што я правёў у “Амерыканцы”, рацыён амаль не змяняўся.
Еўрарадыё: Чаго з прадуктаў там табе не хапала?
Антон Сурапін: Фруктаў і мяса. Гэта асноўнае, чаго бракавала ў камеры. Але не магу сказаць, што кармілі недастаткова. Чуў, што ў іншых турмах, на Акрэсціна, значна горш.
"Амерыканка" з космаса — круглы будынак у левай частцы фота.
Еўрарадыё прапануе вам таксама ўрыўкі з дзённіка анархіста Ігара Аліневіча, ён у “адзіночцы” СІЗА КДБ правёў два тыдні:
“Дзікі холад і скразняк, але захутацца ў коўдру нельга. Для тых, хто трапляе сюды без цёплых рэчаў — гэта катаванне. Асабліва адчуваецца адсутнасць абутку. Ногі прадзімае ў любых шкарпэтках, нават вязаных. Робіцца лепш толькі калі захінуць ступні ў швэдар. Але гэта — дробязі. Самае важнае — вакол пастаянная цішыня, адсутнічае час. Часам даносяцца крокі, рып наручнікаў, ляск кармушак, апавяшчальныя ўдары ў дзверы, свіст і шэпт кантралёраў (яны не размаўляюць!)”.
“За некалькі дзён пачынаеш лавіць і распазнаваць найменшыя гукі. У суткі кармушка адкрываецца некалькі разоў: сняданак, абед, вячэра, лекі. Дзверы адчыняюцца 4 разы: раніцай і ўвечары ў туалет, яшчэ раніцай на абыход дзяжурнага, адзін раз на прагулку (калі ёсць). І так месяцамі, у некаторых — гадамі, з кругласутачным люмінесцэнтным асвятленнем. Поўнае неўсведамленне таго, дзе я і што далей. Гадзіннік забралі. Дні змяшаліся... Прачынаешся і засынаеш, не ведаючы, ні як доўга спаў, ні часу сутак”.
“Прагулка — гэта трохметровыя суровыя сцены, дворык тры на шэсць крокаў! І рашоткі з калючым дротам пад электрычным напружаннем. Першы раз надоўга адбівае ахвоту выходзіць зноў, але роўна да таго часу, пакуль не прыходзіць разуменне таго, што неба, хай і ў клетачку, лепш, чым заўсёды брудная белая столь з нязменным святлом 24 гадзіны ў суткі”.
“З размоваў мне стала вядома, што яны практыкуюць індывідуальны падыход да кожнай камеры і да кожнага чалавека. Усяго 18 камер, каля 60 арыштантаў. Вялікіх тэхнічных сродкаў і буйнога штата супрацоўнікаў не патрабуецца. Усё выразна планавалася: калі, дзе і колькі разоў. Дзе праводзіць шмон, каго падвяргаць персанальнай экзекуцыі, дзе пакінуць святло на ноч, дзе забараніць паліць. Нават каго закрануць у строі падчас прагонаў у прыбіральню ці на прагулку. Арлоў пры мне тэлефанаваў некуды і даваў інструкцыі, каб Малчанава два дні не чапалі. Ну і, вядома ж, камеры ператасоўвалі, каб ўскладніць ці палегчыць жыццё”.
“Прыйшла газета, у якой быў артыкул пра вызваленне Фядуты: выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Але нармальна парадавацца мы не змаглі. Бянтэжыла адна дэталь. Аказалася, што з нашай камеры яго перакінулі ў другую, транзітку, у якой ён прабыў адзін... 55 дзён! Наўрад ці хто-небудзь звярнуў увагу на гэтую акалічнасць, але мы зразумелі ўсё без слоў. Горш за ўсіх пакут — гэта быць аднаму і кожны дзень чуць, як мучаць іншых. На трэці дзень адзіноты хочацца лезці на сценку, на пяты — пачынае з'язджаць дах. Я прабыў у адзіночцы два тыдні (максімальны тэрмін пакарання ў карцэры), і я быў шчаслівы, калі мяне перавялі да людзей. Але амаль два месяцы... — гэта кашмар. Доўга мы абмяркоўвалі, як нашаму літаратару даліся гэтыя дні, і ніхто не жартаваў, не ўсміхаўся, не выказваўся легкадумна. Прыйшлі да такой высновы: кожнаму вязню “амерыканкі” ў большай ці меншай ступені давялося сербануць жаху і пацярпець, але самая жорсткая доля сярод усіх выпала Фядуту”.