У ЗША дапускаюць увядзенне новых санкцый супраць Беларусі
У Белым доме маюць намер прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку праз санкцыі / Reuters
ЗША дапускаюць увядзенне новых санкцый супраць Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Белага дома па выніках сустрэчы памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйка Салівана са Святланай Ціханоўскай.
"ЗША разам з партнёрамі і саюзнікамі працягнуць прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за яго дзеянні, у тым ліку з дапамогай ўвядзення санкцый", — гаворыцца ў паведамленні.
На сустрэчы з Ціханоўскай Джэйк Саліван яшчэ раз агучыў патрабаванні амерыканскай адміністрацыі да беларускіх уладаў. Ад Лукашэнкі чакаюць, каб ён "дазволіў правесці годнае даверу міжнароднае расследаванне падзей 23 траўня [з самалетам Ryanair - Еўрарадыё], неадкладна вызваліў усіх палітычных зняволеных і ўступіў у ўсёабдымны і сапраўдны палітычны дыялог з лідарамі дэмакратычнай апазіцыі і груп грамадзянскай супольнасці". Гэты дыялог павінен прывесці да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў пад наглядам АБСЕ.
Пра тое, што ЗША павінны далучыцца да ЕC і ўвесці сектаральныя санкцыі супраць Беларусі, напісаў па выніках сустрэчы з Ціханоўскай і кіраўнік Камітэта Сената ЗША па міжнародных адносінах Роберт Менэндэс. Санкцыі павінны стаць адказам "на ўрадавыя рэпрэсіі".
Honored to meet with @Tsihanouskaya today in the Senate. The U.S. must renew support for civil society in Belarus and impose sectoral sanctions in response to govt repression. #StandWithBelarus pic.twitter.com/VAGyvVvNAn
— Senate Foreign Relations Committee (@SFRCdems) July 20, 2021
Напярэдадні Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы ў Белым Доме і Сенаце ЗША. У яе планах яшчэ сустрэча з двухпартыйнай групай сенатараў ЗША — так званым беларускім Кокусам. Гэта група амерыканскіх кангрэсменаў, якія будуць мэтанакіравана працаваць па тэме Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.