У ЗША мусульманін патрабуе праз суд $100 млн за піццу са свінінай

У ЗША мусульманін патрабуе праз суд $100 млн за піццу са свінінай

У ЗША мусульманін падаў у суд на піццэрыю, якая прадала яму піццу з каўбасой са свініны. Маўляў, каўбасу выдалі за халяльную страву, то бок, адпаведную нормам ісламу. Цяпер мужчына патрабуе выплаціць яму 100 мільёнаў долараў у якасці кампенсацыі, перадае ВВС.

Махамад Базі, які жыве ў горадзе Дзірбарн штата Мічыган, у сваім пазове адзначыў, што двойчы набываў у рэстаране Little Caesars піццу з пепероні, на якой стаяла маркіроўка “халяльны прадукт”. Па словах пацярпелага, ён і яго жонка зразумелі, што ядуць піццу са свінінай толькі пасля таго, як пакаштавалі піццу. Смак свініны пазнала жонка Базі, якая да пераходу ў іслам была каталічкай.

Таксама ў судовым пазове адзначана, што пацярпелым было “блага да ванітаў”. Калі Базі ў другі раз набыў піццу ў тым самым рэстаране, то зноў знайшоў у ёй свініну. Менеджэр установы ў адказ на прэтэнзію пакупніка заявіла, што ён сам папрасіў наклеіць на скрыню з піццай стыкер “халяльная”. Базі таемна запісаў размову з менеджэрам і вырашыў звярнуцца ў суд.

Адвакат Базі звяртае ўвагу на тое, што есці свініну — адзін з найбольш цяжкіх грахоў для мусульманіна.

Падобны інцыдэнт адбыўся ў 2011 годзе, калі адзін з рэстаранаў McDonald’s у Дзірбарне прадаваў нехаляльную курыцу і сцвярджаў, што яе могуць есці мусульмане. Тады суд спагнаў з сеткі рэстаранаў 700 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі