У ЗША заяўляюць аб імкненні прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці
Памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван / Reuters
ЗША настроены прыцягнуць да адказнасці рэжым Аляксандра Лукашэнкі, пра гэта заявіў памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван падчас тэлефоннай размовы з прэм'ер-міністрам Эстоніі Каяй Калас. Падрабязнасці прыводзіць ТАСС са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Эмілі Хорн.
Саліван "падкрэсліў прыхільнасць ЗША да таго, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі да адказнасці за ягоныя атакі на дэмакратыю і правы чалавека, рэпрэсіі на міжнародным узроўні і карупцыю", гаворыцца ў пісьмовай заяве Хорн.
Паводле яе слоў, памочнік прэзідэнта ЗША ў размове з прэм'ерам Эстоніі таксама выказаў "цвёрдую падтрымку з боку ЗША бяспекі Эстоніі і іншых саюзнікаў па НАТА".
Напярэдадні ЗША абвясцілі аб увядзенні новых санкцый у дачыненні да беларускіх дзяржустаноў і кампаній, а таксама фізічных асоб. Прынятае рашэнне аб замарозцы ўсіх іх амерыканскіх актываў. Пад абмежаванні трапляюць, у прыватнасці, кампаніі, якія працуюць у абаронным сектары і сектары бяспекі, энергетыцы, вытворчасці калійных угнаенняў, тытунёвай прамысловасці, будаўнічым і транспартным сектары. Агаворваецца таксама, што пералік сектараў эканомікі Беларусі, якія трапляюць пад санкцыі, можа быць пашыраны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.