Uber не збіраецца сыходзіць з Беларусі

Uber не збіраецца сыходзіць з Беларусі

Uber не збіраецца сыходзіць з Беларусі. Пра гэта 23 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла прадстаўніца кампаніі па краінах СНД Яўгенія Шыпава. Паводле яе слоў, беларуская сталіца дэманструе рэкордныя тэмпы развіцця Uber. У Мінску кампанія развіваецца хутчэй, чым гэта адбывалася ў Маскве, Варшаве ці Рыме. За чатыры месяцы сэрвісам Uber скарысталіся 80 тысяч чалавек, а прыкладанне спампавалі 580 тысяч карыстальнікаў, інфармуе БелаПАН.

Uber — міжнародная кампанія з Сан-Францыска. Яна стварыла аднайменнае мабільнае прыкладанне для пошуку, выкліку і аплаты таксі або прыватных кіроўцаў. З яго дапамогай можна не толькі зарэзерваваць машыну, але і адсочваць яе перасоўванне да пункту замовы. Аплата робіцца з дапамогай прывязанай да акаўнта банкаўскай карты.

У Мінску Uber працуе з лістапада мінулага года. 5 лютага 2016-га сэрвіс запусціў бюджэтную версію з больш нізкімі тарыфамі UberX. Неўзабаве з прэтэнзіямі выступілі сталічныя таксісты, якія заявілі пра няроўныя ўмовы працы (Uber так не лічыць). На гэта адрэагаваў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, які даручыў праверыць працу кампаніі. Па выніках праверак было заяўлена аб наяўнасці парушэнняў у асобных перавозчыкаў. У адказ Uber заявіў пра масіраваную інфармацыйную кампанію па ініцыятыве гульцоў, не зацікаўленых у з'яўленні сэрвісу ў Беларусі.

Яўгенія Шыпава падкрэсліла, што кампанія працуе ў Беларусі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі