Удзельніца пратэстаў вярнулася ў РБ па праграме "Дарога дадому" — адразу пад суд
Таццяна Курыліна / @viasna96
У канцы снежня Гомельскі абласны суд пачне разглядаць справу Таццяны Курылінай — яна адміністравала пратэстныя чаты. Судовы працэс пачнецца 28 снежня і будзе адбывацца ў закрытым рэжыме, расказваюць праваабаронцы.
Курыліну абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх заклікі да санкцый, абраза прадстаўніка ўлады і асобна абраза прэзідэнта, паклёп, арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванне варожасці і іншыя. Жанчыне можа пагражаць да 15 гадоў зняволення.
"Пачынаючы з 20 верасня 2020 года, Курыліна на працягу паўтары гадоў размяшчала ў Telegram-каналах публікацыі, у якіх заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі, аказанні актыўнага супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў, перакрыцці дарог, пашкоджання маёмасці арганізацый і прадпрыемстваў, ухіленні ад выплаты падаткаў", — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Праваабаронцы кажуць, што Таццяну Курыліну "развялі" беларускія спецслужбы. Доўгі час яна знаходзілася за мяжой. Аднак у лютым гэтага года яна з'явілася ў праграме на беларускім тэлебачанні. Так высветлілася, што Курыліна ўжо ў Беларусі. Паводле інфармацыі "Байпола", вярнуцца ў краіну жанчыну ўгаварыў малады чалавек, ён паабяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ. У выніку Курыліна пачала "ўсіх зліваць", кажуць праваабаронцы са спасылкай на прадстаўнікоў "Байпола".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.