Удзельнік Плошчы-2006: Кожны дзяліўся ўсім, чым мог
Гарадзенец Юрась ўзгадвае падзеі пасля выбараў 2006 года і параўноўвае тагачасныя пратэсты з сённяшнімі.
Еўрарадыё: Якія песні асацыююцца ў цябе з намётавым мястэчкам?
Юрась: На гітары гралі Гомельскі вальс, было холадна і было цікава спяваць. НРМ быў папулярны тады на плошчы – “Тры чарапахі”, “Паветраны шар”.
Еўрарадыё: З цягнікоў тады высаджвалі людзей. Як ты дабіраўся з Гродна да Мінска?
Юрась: Нашых знаёмых сапраўды высаджвалі, бо яны па тэлефоне нешта ляпнулі ды выглядалі нефармальна. Іх на сярэдзіне шляху знялі. А мы з братам, ужо ведаючы гэта, фармальна падтрымалі краіну квітком да Жодзіна, якое знаходзіцца за Мінскам. Гэта быў увесь хітрык з нашага боку, маўляў, у нас квіткі да Жодзіна, мы ні ў які Мінск не едзем, мы проста праездам. Крыху пераплацілі, але варта было дзеля Плошчы.
Еўрарадыё: Якія ўспаміны найбольш яркія засталіся з Плошчы?
Юрась: Гэта першая ноч намётавага мястэчка. Я потым распавядаў, што нават хрысціянскія супольнасці могуць пазайздросціць такой салідарнасці, чуласці адзін да аднаго ўдзельнікаў, іх інтэлігентнасці. Гэта былі вельмі цікавыя людзі, якія шмат чым рызыкавалі. Узгадваюцца моманты салідарнасці, калі кожны дзяліўся ўсім, чым мог: ежай, пітвом, людзі здымалі з сябе вопратку, давалі іншым, бо было, здаецца, каля мінус 8. Ніхто не крыўдаваў, размяркоўвалася ўсё як пры ідэальным камунізме. Уражвала, як людзі грэліся – падыходзілі адзін да аднаго, бралі пад руку і так стаялі – адначасова і ў ачапленні, і грэючыся.
Еўрарадыё: Ці кантактуеш ты з кімсьці да гэтага часу?
Юрась: Сяброў я там не прыдбаў, але з некаторымі я пазнаёміўся праз некалькі месяцаў і высветлілася, што мы бачыліся на Плошчы. Я там сустракаў шмат знаёмых, у тым ліку, некалькі чалавек з Гародні, гэта было прыемна.
Еўрарадыё: Ці засталіся ў цябе нейкія цяжкія ўспаміны?
Юрась: Я быў толькі адну першую ноч, узгадваецца аўтобус нумар 100. Некаторыя людзі спрабавалі вырвацца з ачаплення, вось яны адбягаюць, ператвараюцца ў кропкі, і бачна як гэтую кропку заломваюць дзве іншыя кропкі, крыху большыя. Аўтобус нумар сто спыняўся акурат насупраць мястэчка і ў цябе было 10-15 секунд, каб да яго дабегчы. Узгадваецца ноч, пустынная плошча, мястэчка, дзесьці далёка стаяць амапаўцы. Першая ноч, ты не ведаеш, каму што ў галаву стрэльне. І ты глядзіш на гэта, разважаеш і думаеш.
Еўрарадыё: Ці змянілася тваё жыццё пасля Плошчы?
Юрась: Натуральна, плошча паўплывала як нешта перажытае і замацаванае. З’явілася больш упэўненасці, менш роспачы, менш сумневу ў тым, што я раблю. На маю думку, лепшы пратэст у Беларусі – плённая праца. Трэба працаваць над сабой, над сваім прафесіяналізмам. Махаць кулакамі – гэта не найлепшы пратэст, усё адно прафесіяналізм будзе перамагаць.