Удзельнік прарасійскага пікета ў Мінску: Шмат хто цяпер лічыць мяне ворагам

Удзельнік прарасійскага пікета ў Мінску: Шмат хто цяпер лічыць мяне ворагам

4 лютага прыхільнікі "рускага свету" правялі на плошчы Незалежнасці ў цэнтры Мінска несанкцыянаваны пікет, відэа з якога апублікавалі ў сацсетках. У акцыі ўзялі ўдзел шэсць чалавек — прыхільнікі незарэгістраванай арганізацыі "НВР-Беларусь" (НВР — нацыянальна-вызваленчы рух). Вось толькі знайсці кантакты хоць кагосьці з удзельнікаў гэтага руху аказалася няпроста: на паведамленні ў сацсетках яны не толькі не адказвалі, але і блакавалі суразмоўцу.

Тым не менш Еўрарадыё адшукала аднаго з удзельнікаў акцыі Сяргея Ланавенку.

Еўрарадыё: Ці склалі міліцыянеры пратакол на кагосьці з удзельнікаў вашай акцыі?

Сяргей Ланавенка: Гэта не была акцыя. Мы проста сабраліся і проста звярнуліся да сваіх сяброў. Ніякага пікета не было — проста звярнуліся да сваіх сяброў.

Еўрарадыё: А шмат такіх “сяброў”, вашых прыхільнікаў, якія падзяляюць вашы ідэі?

Сяргей Ланавенка: А як вы думаеце? Вы што, не ведаеце абстаноўкі, меркавання людзей не ведаеце? Усё вы і так выдатна разумееце і ведаеце! Мы выказалі сваю пазіцыі, і толькі.

Еўрарадыё: І ў чым ваша пазіцыя адносна, да прыкладу, суверэнітэту нашай краіны?

Сяргей Ланавенка: Я думаю, што вы зразумелі маю пазіцыю і нашу пазіцыю. Не, ну гэта чыста мая пазіцыя. У кожнага ж свае погляды і свае інтарэсы. Ёсць камуністы, ёсць лібералісты — шмат розных канцэпцый. І нават праваслаўныя, каталікі, мусульмане. Калі ласка! Ва ўсіх сваё меркаванне і ва ўсіх свой пункт погляду.

Еўрарадыё: А які ваш пункт погляду на незалежнасць і суверэнітэт Беларусі? Яна павінна стаць часткай Расіі, не?

Сяргей Ланавенка: Давайце я на гэты конт не буду выказвацца — баюся нашкодзіць сабе і сваім блізкім. Не, калі я нашкоджу сабе — гэта дробязь. Але калі будзе камень у маіх блізкіх, то я стану гарой.

Еўрарадыё: Можа, вы асцерагаецеся, што калі скажаце, што выступаеце за ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі, гэта зробіць вас ворагам?

Сяргей Ланавенка: Дык і зрабіла ж! Шмат хто цяпер лічыць мяне ворагам. Але ж у кожнага мусіць быць сваё меркаванне. Можна спрачацца, але ўсе мы павінны разумець, што ўсе мы жывём… у краіне, у нас ёсць дзеці, у нас ёсць блізкія. За якіх мы нясем адказнасць.

Еўрарадыё: Вы мне можаце канкрэтна адказаць: вы за суверэнітэт Беларусі ці не?

Сяргей Ланавенка: Дзякуй, да пабачэння.

Падчас свайго пікета прыхільнікі “рускага свету” запісалі і апублікавалі ў сацсетках відэа, дзе заявілі, што “рускія і беларусы — гэта адзін народ”, і прыгразілі: "Як кажуць, рыхтуюць Майдан — паедуць у Магадан".Таксама ўдзельнікі акцыі падтрымалі ідэю расійскага дэпутата Яўгена Фёдарава, каб расійскія лёгкаатлеты выступалі на міжнародных спаборніцтвах пад беларускім сцягам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі