Удзельніка "X-фактара" арыштавалі ў Беларусі за палітыку
Армен Арзуманян
Удзельніка праграмы "Х-фактар" Армена Арзуманяна 16 снежня пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе. Яго вінавацяць у "закліках да санкцый" (ч. 3 арт. 361 КК) і "паклёпе на Лукашэнку" (ч. 2 арт. 367 КК). Мужчыну пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі.
Як піша "Наша Ніва", Армену Арзуманяну 44 гады. Ён родам з Азербайджана, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі і мае беларускае грамадзянства. Армен займаецца бізнесам: больш за 15 гадоў ён трымае крамы падарункаў, апошняя з іх — Podari Minsk.
Таксама ён піша музыку пад псеўданімам Арман Алякпераў. Ён двойчы выступаў на праграме "X-фактары" — у 2018 годзе ва Украіне, а ў 2021-м — у Беларусі. Прычым у беларускім праекце журы адказала яму "так", але ў далейшых выпусках яго не паказалі.
У інтэрв'ю Армен расказваў пра дапамогу бяздомным жывёлам. Мужчына валанцёрыць у арганізацыях, якія ратуюць жывёлаў, і сам выратаваў некалькі соцень.
Судзіць яго будзе Яўген Пісарэвіч. Ён вядомы ўдзелам у палітычных працэсах як мінімум з 2016 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.