Згоншчыка самалёта EgyptAir затрымалі, закладнікі не пацярпелі
Кіпрскія спецслужбы затрымалі згоншчыка самалёта егіпецкай авіякампаніі EgyptAir. Пасажырскі самалёт А320 раніцай у аўторак ляцеў з Александрыі ў Каір. На яго борце былі 56 пасажыраў, 7 чальцоў экіпажу і 1 супрацоўнік службы бяспекі. Ужо праз паўгадзіны пасля ўзлёту сувязь з экіпажам знікла. Высветлілася, што самалёт захапіў мужчына, які пагражаў, што ўзарве пояс смяротніка ў выпадку, калі яго патрабаванні не выканаюць.
У выніку, егіпецкі самалёт прызямліўся на Кіпры ў аэрапорце Ларнакі. Там згоншчык запатрабаваў, каб былі прыбраныя ўсе сілы паліцыі. Ён хацеў, каб самалёт ляцеў у Турцыю, але для гэтага не хапала паліва. З ім пачаліся перамовы (іх вялі праз камандзіра самалёта), у выніку якіх больш за 50 закладнікаў апынуліся на волі. Пакінулі самалёт і чальцы экіпажу, адзін з іх выбраўся праз ілюмінатар і скокнуў на зямлю. Вядома, што згоншчык патрабаваў прадаставіць яму палітычны прытулак на Кіпры. Мэтай яго ўчынку, нібыта, было вызваленне некалькіх жанчын з турмаў Егіпту. Пасля высветлілася, што на Кіпры жыве былая жонка мужчыны, на яго патрабаванне яе прывезлі ў аэрапорт. Верагодна, захоп самалёта адбыўся менавіта з-за праблем у асабістым жыцці мужчыны. Мяркуецца, што гэта — 59-гадовы Саіф эль-Дзін Мустафа. Выбухоўкі ў яго не знайшлі.
Беларускіх грамадзян на борце самалёта не было.