Украіна хоча павялічыць вытворчасць дронаў у дзясяткі разоў

Украінскія вайскоўцы на фронце

Украінскія вайскоўцы на фронце / facebook.com/GeneralStaff.ua

Украіна хоча павялічыць вытворчасць дронаў у дзясяткі разоў, паведамляе Reuters. Дроны адыгрываюць адну з найважнейшых роляў у вайне, выкарыстоўваюцца абодвума бакамі для выведкі і нападу.

Украіна імкнецца павялічыць уласную вытворчасць дронаў, давёўшы вытворчасць да дзясяткаў тысяч за месяц да канца 2023 года (пакуль вырабляюцца толькі тысячы за месяц). На сённяшні дзень украінскае войска ў значнай ступені залежыць ад паставак дронаў замежнай вытворчасці. Аднак прыкладаюцца намаганні, каб нарасціць і ўласную вытворчасць, нягледзячы на складанасці, звязаныя з тым, што краіна вядзе буйнамаштабную вайну. Адзначаецца, што павялічыць вытворчасць дронаў атрымліваецца лепш, чым зброі і боепрыпасаў.

У Кіеве разумеюць, што самастойная вытворчасць забяспечыць стабільныя і больш хуткія пастаўкі. Але рэгулярныя ўдары расійскіх беспілотнікаў і ракет па ўсёй краіне з'яўляюцца дадатковым выклікам для гэтага, піша агенцтва. Аднак украінцы прызнаюцца, што "знайшлі мадэль таго, як гэта можа працаваць нават пад абстрэлам".

А яшчэ ўкраінскія чыноўнікі спадзяюцца, што супрацоўніцтва з заходнімі вытворцамі зброі таксама "можа дапамагчы адрадзіць айчынную зброевую прамысловасць і стварыць дадатковы імпульс для эканомікі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі