Украіна пракаментавала фота беларускіх танкаў, якія едуць да мяжы
Танк
Сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы не змянілася, канцэнтрацыі дадатковых сіл на гэтым кірунку Украіна не фіксуе. Пра гэта ў эфіры адзінага тэлемарафона распавёў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
"Сітуацыя не змянілася, яна цалкам кантралюецца. Вядома, мы бачым, што Беларусь у чарговы раз пачынае нагнятаць сітуацыю на гэтым кірунку проста для таго, каб працягваць падыгрываць Расіі, у сферы ўплыву якой яна застаецца ўжо доўгі час. Мы бачым абвінавачванні на адрас Украіны — гэта ўжо не аднойчы рабіў Лукашэнка і наогул Беларусь цягам усёй гэтай поўнамаштабнай вайны. Але на дадзены момант побач з нашай мяжой мы не фіксуем перамяшчэння ні тэхнікі, ні асабістага складу", — кажа Дземчанка.
Сёння Мінабароны Беларусі апублікавала кадры падрыхтоўкі да перакідання вайсковай тэхнікі на мяжу з Украінай. Дземчанка мяркуе, што такія кадры можна будзе ўбачыць яшчэ не раз, і што Беларусь будзе вымушаная публікаваць такія фота- і відэаматэрыялы.
"Але ніколі мяжа з Беларуссю для нас не была другараднай <...> Таму што добра памятаем 24 лютага, і напрацягу ўсяго часу адсочваем рыторыку і паводзіны Беларусі ў дачыненні да нашай краіны", — рэзюмаваў Дземчанка.
Аляксандр Лукашэнка ў суботу, 10 жніўня, заявіў, што ўкраінскія беспілотнікі парушылі паветраную прастору Беларусі. Пазней Мінабароны Беларусі заявіла аб планах перакінуць у памежныя з Украінай рэгіёны рэактыўныя сістэмы "Паланэз" і комплексы "Іскандэр".
Ва ўкраінскім Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны ўжо каментавалі гэтыя дзеянні суседзяў. Там лічаць заявы беларускіх чыноўнікаў спробай адцягнуць увагу Кіева і справакаваць перакідку ўкраінскіх войскаў для дадатковай абароны мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.