Украіна ўводзіць біяметрычны кантроль для замежнікаў
Украіна ўводзіць біяметрычны кантроль для ўсіх замежнікаў, якія будуць уязджаць на ўкраінскую тэрыторыю. Гаворка ідзе пра лічбавы фотаздымак і адбіткі пальцаў. Пра гэта 10 ліпеня заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Паводле яго слоў, новаўвядзенне мусіць значна дапамагчы ў барацьбе з тэрарызмам. Аднак Дзяржаўная памежная служба Украіны яшчэ не мае неабходнага тэхнічнага абсталявання.
Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што біяметрычны кантроль для замежнікаў на мяжы павінен запрацаваць не пазней за 1 студзеня 2018 года. Ён не выключае, што сістэма запрацуе яшчэ да канца бягучага года. Турчынаў адзначыў, што ад расіян будуць патрабаваць папярэдняй электроннай рэгістрацыі падчас паездак ва Украіну.