Украінцы нечакана ўжылі ў баі танкі Leopard — прадстаўнік "Расгвардыі" ў ДНР
Танк Leopard 2A4 / US Army
Узброеныя сілы Украіны ўпершыню выкарысталі ў баі нямецкія танкі Leopard. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале намеснік начальніка "Расгвардыі" ў так званай "ДНР" Аляксандр Хадакоўскі.
Па яго словах, украінскія войскі нарошчваюць намаганні, намацаўшы слабыя месцы праціўніка. "Як я і меркаваў учора — адчуўшы пах поспеху, праціўнік кіне ў бой дадатковыя сілы. Толькі ў раёне Новаданецкага зафіксавана да трыццаці адзінак бронетэхнікі", — паведамляе Хадакоўскі.
Раней ён пісаў, што ўкраінскія войскі перайшлі ў наступ на напрамку Залатая Ніва — Новаданецкае, і што пакуль ім спадарожнічае поспех, адзначае Бі-Бі-Сі.
Паводле Хадакоўскага, расіяне не змаглі адсачыць рух танкаў, таму атака "Леапардаў" сталася для іх нечакнай. "У выніку ўдарная група, якая адпрацоўвае цяпер Новаданецкае, выйшла на мяжу атакі амаль незаўважанай. Традыцыйна задушыўшы сувязь, праціўнік здолеў паставіць нас у цяжкае становішча. Сітуацыя ў развіцці", — заяўляе прадстаўнік "Расгвардыі".
Пра тое, што ўкраінцы пачынаюць цясніць акупантаў, заяўляе і кіраўнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын. Паводле ягоных словаў, УСУ адваявалі частку населенага пункта Бярхоўка на поўнач ад Бахмута. Расійскія войскі, як заяўляе Прыгожын, "драпаюць" адтуль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.