Украінец заявіў, што яго завербавалі беларускія памежнікі

Украінец заявіў, што яго завербавалі беларускія памежнікі

Жыхар Украіны заявіў, што яго завербавалі беларускія памежнікі, каб атрымліваць інфармацыю пра кантрабанду бурштыну і агнястрэльнай зброі, а таксама пра ўкраінскіх памежнікаў. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на Роўненскі гарадскі суд Украіны.

Пракурор прапанаваў вызваліць мужчыну ад крымінальнай адказнасці за падрыхтоўку да дзяржаўнай здрады. Закон гэта дазваляе, калі чалавек прызнаўся сам і яшчэ не ўчыніў злачынства.

Па словах украінца, у кастрычніку 2017 года яго завербаваў падпалкоўнік аператыўна-вышуковага аддзела Пінскага памежнага атрада. Гэта адбылося ў беларускім пункце пропуску "Невель". 

Мужчына паведаміў, што ў той жа дзень ён атрымаў заданне: знайсці інфармацыю пра людзей, датычных да незаконнай здабычы і кантрабанды бурштыну з Зарэчненскага раёна Украіны ў Беларусь. Праз два месяцы яго папрасілі дадаткова сабраць звесткі пра перамяшчэнне агнястрэльнай зброі з Украіны ў Беларусь. Таксама мужчына кажа, што тады яго прасілі падабраць кандыдатаў, якія справакавалі б беларускіх памежнікаў на атрыманне хабару.  

На трэцяй сустрэчы ў студзені 2018-га ў Пінскім раёне ўкраінца прасілі сабраць звесткі пра ўкраінскіх памежнікаў. 

Суд улічыў, што мужчына ў ліпені 2018 года сам звярнуўся ў СБУ і прызнаўся, што яго завербавалі. Хаця ўкраінцу пагражала да 15 гадоў зняволення, яго вырашылі вызваліць ад крымінальнай адказнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі