Украінская "Армія дронаў" адправіла на фронт амаль 2 тысячы беспілотнікаў

"Штучны інтэлект адсочвае і перадае даныя"

"Штучны інтэлект адсочвае і перадае даныя" / unian.net

Украінская "Армія дронаў" адправіла на фронт амаль 2 тысячы беспілотнікаў. Яны са штучным інтэлектам, які дапаможа "бяспечна праводзіць разведку, карэктаваць артылерыю і знаходзіць нават добра замаскіраваныя аб'екты расіян", піша ў Facebook віцэ-прэм'ер, міністр лічбавай трансфармацыі Міхайла Фёдараў. Ён адзначае, што "штучны інтэлект аўтаматычна вызначае розныя тыпы цэляў, адсочвае іх на вялікай вышыні і перадае даныя". Далей ужо працуюць ударныя дроны і артылерыя.

Беспілотнікі Autel EVO MAX 4T былі набытыя за кошт дзяржаўнай праграмы "Армія дронаў". Фёдараў паведамляе, што толькі за мінулы тыдзень іх беспілотнікі знішчылі 220 адзінак расійскай тэхнікі.

Пра праект "Армія дронаў" ва Украіне было аб'яўлена летам 2022-га, пачалі масава навучаць аператараў. "Мы сфармавалі сістэмнае бачанне, каб усю лінію фронту шырынёй каля 2470 км закрыць дронамі, пісаў тады Міхайла Фёдараў. — Яны дазволяць маніторыць дзеянні ворага, мяняць ваенныя стратэгіі і ў далейшым захаваць як мага больш жыццяў вайскоўцаў. У гэтым ім дапаможа тэхналагічная Армія дронаў".

У пачатку 2023-га стала вядома, што Украіна фармуе першыя ў свеце ўдарныя роты беспілотнікаў. А вясной украінскі ўрад даў старт масавай вытворчасці дронаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі