Украінскі дэпутат: Не хочам, каб з нашай мовай стала так, як з беларускай
Еўрарадыё разбіралася, што перашкаджае беларускай мове стаць рэгіянальнай ва Украіне.
Пасля ўвядзення закона аб мовах украінскія дэпутаты пачалі “легалізаваць” рускую мову і надаваць ёй статус рэгіянальнай. Рэгіёны, якія ўжо прынялі рускую змогуць, весці на ёй усе дакументы, судаводства, а таксама выкарыстоўваць у тэлевяшчанні. А хутка ў некаторых абласцях разам з украінскай прыйдзецца выкарыстоўваць балгарскую, польскую а, магчыма, і венгерскую мовы.
Праўда, з існаваннем такога закона пагаджаюцца не ўсе. Бо лічаць, што адзіным яго вынікам стане ўціск адзінай дзяржаўнай мовы, украінскай, за кошт расійскай мовы.
“Бачым, як у некаторых украінскіх абласцях ужо прынята рашэнне аб выкарыстанні ў якасці рэгіянальнай мовы рускай. Людзі з’яўляюцца закладнікамі большасці, якая стварылася ў Радзе. Спасыланне аўтараў закона на міжнароднае заканадаўства зусім не правільнае. Бо ў нас руская мова не з’яўляецца знікаючай”, - распавядае Еўрарадыё народны дэпутат Украіны Юрый Адарчанка, адзін з тых, хто галасаваў супраць “закона аб рэгіянальных мовах”.
Па яго словах, закон прымаўся са шматлікімі парушэннямі. Таму ўжо зараз у адміністрацыйных судах знаходзяцца скаргі.
“Я ўпэўнены, што сёння ўкраінцы абураныя прыняццем гэтага праекта. Большасць украінцаў па апытаннях не падтрымлівае прыняцця такога закона. А як можа быць? Ну ў вас, у Беларусі, вядома… мы не хочам, каб было так, як у вас. Нам не падабаецца так. У тым ліку і тое, што адбылося з дзяржаўнай мовай. Яна знікае ў вас па сутнасці”, — працягвае Юрый Адарчанка.
У той час балгары Адэскай вобласці таксама звярнуліся ў суд. Яны патрабуюць прызнання балгарскай мовы рэгіянальнай. У заходніх рэгіёнах Украіны загучалі прапановы палічыць рэгіянальнымі польскую мову альбо венгерскую. А рускай ужо надалі такі статус у некаторых абласцях. Што дзіўна, катэгарычна супраць увядзення рускай мовы выказаліся ў Нежыне, што ў Чарнігаўскай вобласці.
“Па апытанні, якое было праведзена ў 2011 годзе, 70 з лішнім адсоткаў выказаліся за тое, што ўкраінская мова для іх родная. Я думаю, што большасць і Чарнігаўскай вобласці выказалася за тое, што ўкраінская мова родная і мусіць быць адзінай дзяржаўнай на тэрыторыі не толькі вобласці, але і ўсёй тэрыторыі Украіны”, - кажа Максім Багрынцаў з фракцыі “Бацькаўшчына”. Ён першы ў Нежынскай гарадской радзе быў супраць увядзення рэгіянальных моваў.
Дарэчы, беларуская мова таксама мае ўсе шансы стаць рэгіянальнай (яна ўваходзіць у спіс з 18 моваў, на якія распаўсюджваецца закона аб мовах – заўв.Еўрарадыё) у рэгіёнах, дзе беларуская меншасць складае не менш за 10%. Але пра прапановы зрабіць беларускую мову рэгіянальнай, хаця б у той жа Чарнігаўшчыны, не чулі.
“Беларусы такія людзі, якія вельмі добра асімілююцца ў любой краіне і не вельмі хочуць праяўляць нейкія свае нацыянальныя асаблівасці. Па-другое, Мінюст Украіны хлусіць Радзе Еўропы, што ніводзін беларус увогуле ніколі не хацеў, каб было школьнае навучанне па-беларуску”, - кажа незалежных журналіст Юрый Свірко, які пераехаў ва Украіну з Беларусі ў 2005 годзе.
Пасіўнасць беларусаў ва Украіне здзіўляе, калі палічыць, што беларусы з’яўляюцца другой нацыянальнай меншасцю ў краіне пасля расіян.
Але ўкраінцам таксама няма чаму радавацца. Бо іх чакае тое ж, што ўжо прайшло ў Беларусі альбо ў Расіі, лічыць Юрый Свірко.
Юрый Свірко: “Але ўсё, што робіцца ва Украіне, вельмі нагадвае тое, што адбывалася ў Беларусі ў сярэдзіне 90-х. Я не ведаю, ці, сапраўды ўкраінцы хочуць, каб беларуская сітуацыя тут не паўтарылася. Але фактычна яны не хочуць, каб гэтая сітуацыя не паўтарылася. Тая ж абсалютная млявасць і абыякавасць да жыцця і падзей, якія разгортваюцца вакол пакуль што адзінай дзяржаўнай мовы”.
Нагадаем, для надання мове статусу рэгіянальнай патрэбна, каб большасць дэпутатаў мясцовай рады падтрымала такое рашэнне.
Фота: konst.org.ua