Украінскі нардэп Шаўчэнка: прыехаць у Беларусь мяне запрасіў Лукашэнка
Украінскі дэпутат з партыі Уладзіміра Зяленскага "Слуга народа" Яўген Шаўчэнка ездзіў у Беларусь па асабістым запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ўкраінец распавёў у інтэрв'ю bykvu.com.
Візіт Шаўчэнкі ў Беларусь і сустрэча з Лукашэнкам адбыліся 20 красавіка. Гэта выклікала скандал нават у партыі "Слуга народа": яе кіраўніцтва заявіла, што не адпраўляла нардэпа ў Мінск. Афіцыйны Кіеў, як вядома, не прызнае вынікі беларускіх выбараў 2020 года.
Шаўчэнка заявіў журналістам, што ў Беларусь яго запрасіў асабіста Лукашэнка. Дарэчы, раней дэпутат прысутнічаў на Усебеларускім народным сходзе.
"Мяне Лукашэнка запрасіў асабіста. /.../ Гэтая сустрэча была першая, азнаямленчая. Яшчэ будуць. Мы расставілі акцэнты, што будзем трымаць камунікацыю, што ў наступны раз я прыеду не адзін, таму што шэраг дэпутатаў народных праявілі жаданне паехаць, паглядзець, пазнаёміцца і наладжваць сувязі, таму што мы суседзі", — патлумачыў украінскі нардэп.
Ён дадаў, што сярод тых, хто хоча скласці яму кампанію для паездкі ў Беларусь ёсць і дэпутаты ад кіруючай ва Украіне партыі "Слуга народа", а таксама ад іншых партыяў.
Сваю паездку ў Беларусь 20 красавіка Шаўчэнка звязаў "з пытаннямі медыцынскага характару і эканамічнага характару".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.