Украінскія вайскоўцы знішчылі ў Папаснай атрад лівійцаў і сірыйцаў
Украінскія вайскоўцы знішчылі ў Луганскай вобласці "атрад лівійцаў і сірыйцаў". Яны ваявалі на баку расійскай арміі. Пра гэта ў інтерв’ю "Радіо НВ" распавёў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.
"Астатнім часам мы заўважылі, што з'яўляюцца на фронце лівійцы і сірыйцы. Так званыя найміты, — кажа Данілаў. — ...Маем здымкі гэтых людзей. Яны былі знішчаны ў Луганскай вобласці ў Папаснай. Знішчылі цалкам невялікі атрад, каля 20-25 чалавек".
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны не змог даць ацэнку баявым якасцям згаданых наймітаў. "Складана сказаць, якія яны ваякі, — працягвае ён. — У нас іншыя кліматычныя ўмовы. І вайна мабыць іншая. Я так думаю, што яны не зусім чакалі тое, што тут пабачылі".
У сакавіку 2022-га міністр абароны Расііі Сяргей Шайгу заявіў, што з краін Блізкага Усходу гатовыя прыехаць ваяваць на Данбасе супраць украінскіх войск 16 тысяч чалавек. Але ў далейшым пра іх ніякай інфармацыі не было. Таму многія палічылі, што гэта быў прапагандысцкі ход з боку Шайгу на фоне няўдач ва Украіне. Тады ж з'явілася публікацыя, што ў Масквы нібыта існаваў план перапраўкі баевікоў з Сірыі і Лівана праз Беларусь.
Аляксей Данілаў не думае, што баевікоў з Сірыі і Лівіі тысячы, дапускае, што сотні: "Бо фізічна больш завезці не могуць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.