Украінскія знішчальнікі і самалёт "Белавія". Усе версіі розных бакоў
21 кастрычніка ўкраінскі дыспетчар па загадзе спецслужбаў завярнуў Boeing 737-800 авіякампаніі "Белавія" на паўдарогі з Кіева ў Мінск. Борт вярнуўся ў аэрапорт "Жуляны", там з яго знялі аднаго пасажыра. Пасля лайнер дазаправіўся і зноў падняўся ў паветра.
Камандзір экіпажа распавёў, што дыспетчар пагражаў знішчальнікамі. "Белавіа" патрабуе кампенсацыі стратаў. Але ва Украіне сітуацыю лічаць нармальнай. Разбіраемся ў аргументах бакоў.
Армэн Марцірасян: падчас вобшуку ў мяне нічога не канфіскавалі
Чалавек, праз якога ў небе над Украінай развярнулі самалёт "Белавія", інцыдэнт каментуе вельмі стрымана. У Кіеве быў па асабістых пытаннях, законы Украіны (па яго словах) не парушаў. У "Антымайдане" не ўдзельнічаў, хаця і падтрымліваў Віктара Януковіча.
Пасля таго, як борт "Белавія" вярнуўся ў Кіеў, Марцірасяна знялі з самалёта і абшукалі, аднак нічога, што пагражала б нацыянальнай бяспецы Украіны, не знайшлі. Ён кажа: ёсць дакумент, падпісаны супрацоўнікамі Службы бяспекі Украіны (СБУ) а таксама мытнай і памежнай службамі, з якога вынікае, што падчас вобшуку нічога адабрана не было.
І, так, ён сапраўды грамадзянін Арменіі, хаця і атрымаў гэтае грамадзянства толькі ў 2014 годзе.
"Белавія": падставаў перахопліваць беларускі самалёт ва ўкраінцаў не было
Boeing 737-800 авіякампаніі "Белавія" вылецеў з Кіева ў Мінск па раскладзе, у 15:25. У 15:36, калі да беларускай мяжы заставалася ляцець усяго 50 км, экіпаж атрымаў патрабаванне вярнуцца ў Кіеў. Першы пілот сцвярджае, што ўкраінскі дыспетчар нават прыгразіў падняць у паветра знішчальнікі. Праз паўгадзіны пасля вылету "Боінг" вярнуўся ў аэрапорт "Жуляны" і прастаяў там прыкладна паўгадзіны. Пасля да яго пад'ехала машына з людзьмі, апранутымі ў цывільнае. Яны знялі з самалёта аднаго пасажыра — Армэна Марцірасяна. Далей самалёт дазаправіўся і вылецеў у Мінск.
Марцірасяна абшукалі і адпусцілі яшчэ прыкладна праз паўтары гадзіны, у 19:00 ён вылецеў у Мінск. Дарэчы, экіпаж беларускага "Боінга" не ведаў пра прычыны, праз якія самалёт мусіць вяртацца ў "Жуляны". Пасажырам гэта давялося тлумачыць тэхнічнымі прычынамі. Што адчуваюць пасажыры самалёта, пілот якога кажа пра тэхнічныя праблемы і неабходнасць вярнуцца ў аэрапорт вылету? Уявіце самі.
Пасажырка самалёта: на борце было шмат транзітных пасажыраў да Масквы
Шмат хто з пасажыраў вернутага "Боінга" транзітам праз Мінск ляцеў з Кіева ў Маскву. Бесперасадачных рэйсаў паміж украінскай і расійскай сталіцамі цяпер няма. Вось расказ пасажыркі таго рэйса, якую знайшоў RT.
"Нам аб'явілі, што мы вяртаемся, калі мы былі ў паветры ўжо хвілін дваццаць. Сказалі, што па тэхнічных прычынах, але па якіх менавіта — не казалі. Панікі на борце не назіралася. Калі мы вярнуліся ў Кіеў, аднаго з пасажыраў выклікалі да выхаду і знялі з рэйса. пасля камандзір паветранага судна папрасіў прабачэння".
"Украэрарух": вярнуць самалёт загадала СБУ
Дзяржаўнае прадпрыемства "Украэрарух" абслугоўвае паветраны рух Украіны. Там сітуацыю каментуюць вельмі сцісла: ад СБУ паступіла інфармацыя вярнуць самалёт "Белавія" у "Жуляны", мы толькі выконвалі загад.
Начальнік аддзела рэкламы і камунікацый "Белавія" Вольга Герасенка паведаміла Еўрарадыё, што ўсе пасажыры паспелі на запланаваныя стыкоўкі ў Мінску: "Рэйсы на Маскву і на Санкт-Пецярбург пачакалі пасажыраў — іх было каля 75. А ў тых, хто праз Мінск ляцеў у Калінінград і па еўрапейскіх напрамках, быў такі час вылету, што яны паспелі".
СБУ: у нас былі абгрунтаваныя падазрэнні, прэтэнзіяў "Белавіі" не прызнаём
На наступны дзень пасля інцыдэнту Служба бяспекі Украіны распавяла, чаму запатрабавала вярнуць Боінг. "Мы папрасілі вярнуць самалёт, бо мелі абгрунтаваныя падазрэнні. Гэта тычыцца бяспекі, гэта нармальная сусветная практыка", — распавяла спікер СБУ Алена Гітлянская ў інтэрв'ю сайту "Апостраф".
Раней Гітлянская пісала, што ў СБУ была інфармацыя пра замежнага грамадзяніна, які, магчыма, уяўляў пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны. "На момант, калі было атрыманае гэтае паведамленне, замежнік ужо знаходзіўся на борце авіякампаніі "Белавія", што рыхтаваўся выканаць рэйс у Мінск", — дадала спікер Службы бяспекі Украіны.
На думку спікера СБУ, у "Белавіі" не можа быць ніякіх прэтэнзій да украінскіх службаў, бо, "калі абстрагавацца ад дадзенага выпадку", такія ж распараджэнні пілоту даў бы любы авіядыспетчар у любой частцы свету:
"Калі вы паглядзіце міжнароднае заканадаўства па авіяцыйным руху, вы ўбачыце, што практыка вяртання самалётаў, калі ёсць інфармацыя пра якую-небудзь пагрозу, ці тэрарыстычнага характару, ці нацыянальнай бяспецы — гэта нармальны цывілізаваны шлях вырашэння праблемы.
Калі б была інфармацыя, напрыклад, пра закладзеную бомбу, і калі б, не дай бог, што-небудзь здарылася, вы б потым казалі: "А чаму ніхто не адрэагаваў?". Мы папрасілі, каб кампанія пайшла нам насустрач, таму што была вельмі важная інфармацыя, якую нам трэба было праверыць".
А ці была пагроза знішчальнікамі? У СБУ кажуць, што не ведаюць, бо пры перамовах дыспетчара з пілотам не прысутнічалі.
Беларускі Дэпартамент па авіяцыі: украінцы не мусілі вяртаць самалёт "Белавіа"
У Дэпартаменце па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі сітуацыю нармальнай не лічаць.
"Яны мусілі затрымаць гэтага чалавека падчас рэгістрацыі і пасадкі. А не вяртаць самалёт, — распавёў Еўрарадыё начальнік аддзела авіяцыйнай бяспекі Дэпартамента па авіяцыі Юрый Касцюкевіч. — Кампанія панесла страты. Акрамя таго — маральныя страты. І экіпаж, і пасажыры".
Ці будзе ведамства браць удзел у вырашэнні канфлікту, Юрый Іванавіч не ўдакладніў.
"У адпаведнасці з Канвенцыяй аб [міжнароднай] грамадзянскай авіяцыі ICAO [Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, спецыялізаваная ўстанова ААН], наш экіпаж паступіў правільна. Ён дакладна выканаў каманду дыспетчара Украіны. Развярнуўся і выканаў пасадку ў аэрапорце Кіева".