Улады Брэста пра лагатып: Дзіцячы малюнак перамагае, бо яго піяраць у сацсетках
На сайце гарвыканкама Брэста працягваецца галасаванне за найлепшы лагатып для горада на яго тысячагоддзе. Пакуль перамагае дзіцячы малюнак, у якога 9 950 галасоў. Бліжэйшы канкурэнт мае 4 980 галасоў. На думку гарадскіх уладаў, гэта вынік піяру ў сацыяльных сетках. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў брэсцкім гарвыканкаме.
Супрацоўніца выканкама: “У першую чаргу мы будзем улічваць вынікі інтэрнэт-галасавання. За дзіцячы малюнак ў сацсетках ідуць шматлікія перапосты, каб яго лайкалі. І ён вырваўся наперад на днях”.
Галасаванне будзе цягнуцца да 17 лютага, канчатковы выбар за журы. Яго ўзначальвае старшыня гарвыканкама, туды ўваходзяць архітэктары і мастакі. Тым часам у інтэрнэце ўжо прапануюць іншыя варыянты лагатыпа.
Паралельна свой лагатып абірае Магілёў, але там выбар робіць толькі журы. Улады горада абяцаюць у хуткім часе агучыць вынік.