Улады Украіны шукаюць 19-гадовага Паўла Грыба, які знік у Беларусі

Улады Украіны шукаюць 19-гадовага Паўла Грыба, які знік у Беларусі

Улады Украіны шукаюць 19-гадовага Паўла Грыба, які знік у Беларусі. Бацька хлопца Ігар Грыб, афіцэр-памежнік запасу, чалец грамадскага савету Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, не выключае, што ў Гомелі яго маглі захапіць супрацоўнікі ФСБ і вывезці ў Расію. Па яго версіі, 24 жніўня сын паехаў у Беларусь на сустрэчу з дзяўчынай, з якой раней пазнаёміўся праз сацсеткі. Яна мусіла прыехаць у Гомель з Расіі. У той жа дзень Павел збіраўся вярнуцца ва Украіну. Калі сын не прыехаў, Ігар Грыб паехаў у Гомель яго шукаць. Там даведаўся, што ФСБ Расіі па Краснадарскім краі аб’явіла Паўла ў вышук па артыкуле “тэрарыстычны акт”. У Гомельскай памежнай службе заявілі, што інфармацыі пра ўкраінца не маюць.

Як інфармуе УНІАН, Ігар Грыб перакананы, што пад выглядам сустрэчы з дзяўчынай яго сына выцягнула з Украіны ў Беларусь ФСБ. Ён не выключае, што прычынай выкрадання сталі паведамленні Паўла ў сацыяльных сетках, накіраваныя супраць агрэсіі Расіі ва Украіне. Сам хлопец у войску не служыў, у баявых дзеяннях не ўдзельнічаў, паколькі мае інваліднасць. Таксама расіяне маглі зацікавіцца ўкраінцам з-за грамадскай актыўнасці яго бацькі.

Па словах Ігара Грыба, найхутчэй сын быў затрыманы не на мяжы, а ў Гомелі. Украінскі консул звяртаўся да беларускіх сілавікоў наконт лёсу Паўла Грыба, але там заявілі, што такога затрыманага ў іх няма. Даручэнне ўстанавіць лёс Паўла атрымаў і ўкраінскі консул у Расіі. Вядома, што ўкраінская амбасада ў нашай краіне накіравала ў МЗС Беларусі ноту з нагоды знікнення Паўла Грыба.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі