Універсітэты завабліваюць абітурыентаў інтэрнатам і бясплатным шэнгенам
Якія бонусы прапануюць ВНУ падчас дэмаграфічнага крызісу.
Менш за 100 тысяч абітурыентаў сёлета будуць прэтэндаваць на месца ва ўніверсітэце. Гэта на 5 тысяч менш, чым летась. Каб не было недабору, універы прапануюць абітурыентам бонусы. Разбіраемся, дзе плюсаў больш.
Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт абяцае жыллё ўсім першакурснікам. Але гэтая з’ява сёлета распаўсюджаная. Таму ў даважак завабліваюць бясплатным шэнгенам і курсамі англійскай мовы.
“У нас ёсць прафсаюзны камітэт, які можа нават зрабіць бясплатныя шэнгенскія візы для паездак за мяжу. Таксама мы прапануем дадатковыя заняткі на выбар. Там можна атрымаць дадатковую спецыяльнасць. Напрыклад, перакладчыка з англійскай мовы. Гэта бясплатна”, — рэкламуюць у БДТУ.
Пры гэтым тэхналагічны славіцца досыць прынцыповым размеркаваннем і не самымі нізкімі расцэнкамі на навучанне: ад 15 мільёнаў для тых, хто толькі паступіў. Але некаторыя спецыяльнасці ёсць толькі ў гэтым універсітэце.
Педагагічны ўніверсітэт імя Танка сёлета не скупіцца на рэкламу: плакаты, што заклікаюць стаць настаўнікам, можна заўважыць адразу на некалькіх станцыях мінскага метро. Універсітэт абяцае засяліць усіх першакурснікаў і невысокі кошт навучання. Сапраўды, год вучобы на першым курсе абыдзецца ў 13,7 мільёна. У БДУ, напрыклад, самая танная спецыяльнасць каштуе 15,4 мільёна для першакурснікаў. Славіцца гэтая ВНУ і невысокімі прахаднымі баламі, асабліва на матэматычных і фізічных спецыяльнасцях.
Але вядома, што адкос ад размеркавання у БДПУ — з разраду фантастыкі. Калі не выйшла замуж на апошнім курсе, давядзецца адпрацаваць 2 гады па спецыяльнасці ў раёне, дзе дэфіцыт педагогаў.
Спорт і забавы абяцае студэнтам Нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. І гэта апроч 100% засялення першакурснікаў.
“У нас для студэнтаў і забавы, і заняткі спортам. У нас наогул прыярытэт для першакурснікаў, каб іх рэалізаваць, адабраць па цікаўнасцях”, — тлумачаць у гэтай ВНУ.
У БНТУ добра вядомыя спартовыя стадыёны, каб гуляць у футбол. Навучанне тут каштуе ад 16 мільёнаў за год. А на размеркаванні некаторых выпускнікоў нават “выкупаюць” расійскія фірмы (выплачваюць грошы за ўсе 5 гадоў вучобы).
Расійская фірма выкупляе ў дзяржавы беларускага выпускніка за 60 мільёнаў
Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава з бонусаў мае традыцыйнае агульнае засяленне першакурснікаў. Летась тут не набралі толькі на адну спецыяльнасць. Але сёлета і месцаў менш роўна настолькі ж, наколькі быў недабор. Таму праблем тут не чакаюць.
Год навучання для першакурсніка будзе каштаваць ад 15 да 17 мільёнаў.
А вось БДУ і ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі наогул нічога, апроч навучання, першакурснікам не прапануюць. Мо і не трэба: недабору і там, і там не было ні летась, ні ў мінулыя гады. БДУ гатовы засяліць усіх, хто будзе вучыцца на прыродазнаўча-навуковым профілі, і 80% гуманітарыяў. А ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі абяцае пасяліць 80 % ад усіх першакурснікаў.
І там, і там традыцыйна мала праблем з размеркаваннем: адпускаюць па жаданні ў абраную выпускніком фірму. Але і кошты навучання немаленькія. У БДУ — ад 15 да 21 мільёна. У БДУІРы — да 20 мільёнаў.
Сёлета на тэставанне запісалася 101 тысяча абітурыентаў. Некалькі тысяч да экзаменаў не дайшлі.