Узлёт Беларусі ў “Doing Business” — рэйтынг проста змяніў метадалогію
Група Сусветнага банка “Doing Business” апублікавала свой чарговы рэйтынг лёгкасці вядзення бізнесу. Беларусь у ім узнялася з 57-га на 44-е месца, за год пераскочыўшы 13 пазіцый.
Наша краіна мае лепшы стан за Люксембург (61-е месца), Турцыю (55-е) ці нават Італію (45-е). Гэта поспех!
Літва займае ў рэйтынгу 20 месца, Латвія — 22-е, Грузія — 24-е, Арменія — 35-е, Казахстан — 41-е, Расія — 51-е, Украіна — 83-е месца.
Ацэнка лёгкасці вядзення бізнесу праводзілася па некалькіх крытэрыях. І Беларусь атрымала за іх такія месцы: “Рэгістрацыя уласнасці” — 7-е месца (у мінулым годзе было 3-е), “Складанасць рэгістрацыі новага бізнэсу” — 12-е месца (40-е летась), “Наяўнасць бар’ераў пры знешнім гандлі” — 25-е (145-е), “Забеспячэнне выканання кантрактаў” — 29-е (7-е), “Атрыманне дазволаў на будаўніцтва” — 34-е (51-е), “Абарона мінарытарных акцыянераў” — 57-е (94-е), “Падаткаабкладанне” — 63-е (60-е), “Вырашэнне праблем неплацежаздольнасці прадпрыемстваў” — 69-е (68-е), “Падключэнне да сістэмы электразабеспячэння” — 89-е (148-е), “Даступнасць атрымання крэдытаў” — 109-е (104-е).
Як атрымалася, што Беларусь за год палепшыла свае пазіцыі, без істотнага паляпшэння эканамічнай сітуацыі і інвестыцыйнага клімату?
Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што ўся справа ў змяненні метадалогіі ацэньвання рэйтынга.
“Яны яе змяняюць ужо другі год радыкальна. Проста было шмат крытыкі з-за таго, што не ўсе фактары ўлічваюцца, і гэты рэйтынг не адлюстроўвае да канца лёгкасць ці складанасць вядзення бізнесу. Напрыклад, большую вагу надалі ў міжнародным гандлі чыгуначным і аўтаперавозкам, чым марскому руху грузаў. Але гэта прыводзіць да таго, што дадзеныя апошніх трох гадоў практычна немагчыма параўнаць адны з аднымі”.
Эканаміст “Ліберальнага клуба” Антон Боўтачка мае падобнае меркаванне. Ён адзначае, што калі выкарыстоўваць мінулагоднюю метадалогію, паводле яе, наша пазіцыя ў рэйтынгу не палепшылася б:
“У гэтым годзе мы займаем 44-е месца. Калі паводле гэтай жа метадалогіі разлічыць паказчыкі за год мінулы, а яны так робяць звычайна, мы мелі б 43-е месца. То бок, па сваёй сутнасці, мы пагоршылі пазіцыі, калі казаць пра метадалогію параўнанняў”.
Разам з тым, распавядае эканаміст, і нашы чыноўнікі навучыліся ўплываць на падобныя рэйтынгі без асаблівых зменаў умоваў вядзення бізнесу:
“Напрыклад, існуюць дакументы ўнутранага характару, дзе выразна распісана, як невялікімі “касметычнымі зменамі” можна паўплываць на тое ці іншае становішча краіны ў асобных параметрах рэйтынга. Што мы, уласна кажучы, і зрабілі”.
"Doing Business" і інвестыцыі
Наколькі пільна міжнародныя інвестары сочаць менавіта за гэтым рэйтынгам і ці сапраўды такая высокая пазіцыя ў ім прынясе якія-небудзь дывідэнды нашай краіне?
Антон Боўтачка кажа, што інвестары, ацэньваючы бізнес-клімат, у першую чаргу ўсё ж глядзяць на іншыя даклады, напрыклад, з Міжнароднага валютнага фонду.
“Ліберальны клуб” зрабіў параўнанне дынамікі пазіцый у “Doing Business” з дынамікай прыцягнутых замежных інвестыцый і ніякай узаемасувязі выяўлена не было, адзначае эканаміст.
Сяргей Чалы таксама мяркуе, што гэты рэйтынг мала паўплывае на замежных інвестараў:
“Замежныя інвестары глядзяць у першую чаргу на адну простую рэч — на дынаміку ўнутраных інвестыцый і на адтокі капіталу. Бо калі айчынны капітал, які нашмат лепш за ўсе гэтыя індэксы і за усіх іншаземцаў ведае пра тутэйшыя справы, і грошы не ўкладае, дык чаму замежнікі пойдуць сюды, якія яшчэ горш сабе ўяўляюць тутэйшыя умовы. А мы маем вельмі дрэнную дынаміку інвестыцый”, — рэзюмуе эксперт.
Нагадаем, у рэйтынг “Doing Business — 2016” увайшло 189 краін. Яго складае група Сусветнага банка і ацэньвае па ключавых аспектах нарматыўна-прававога рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці для нацыянальных кампаній. Беларускія ўлады надаюць рэйтынгу вялікае значэнне. Яшчэ ў 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка ў пасланні народу і парламенту заявіў, што “мы мусім увайсці ў 30 лепшых краін свету па спрыяльнасці інвестыцыйнага клімату”.
Фота: moroccoworldnews.com, people.onliner.by