Ва Украіне пачало працу афіцыйнае прадстаўніцтва Офіса Ціханоўскай
Ва Украіне створанае афіцыйнае прадстаўніцтва Офіса Святланы Ціханоўскай. Плануецца, што яно будзе вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у беларускай дыяспары.
Як распавядае экс-дыпламат Валерый Кавалеўскі, найперш гаворка ідзе пра заблакаваныя банкаўскія рахункі беларусаў, міграцыйныя пытанні. Таксама будуць закранацца змены адукацыйных праграм у школах Украіны (з праграм выключаюць творы беларускіх класікаў) і перайменаванні тапанімікі, звязанай з Беларуссю.
Прадстаўніцтва будзе займацца і пытаннямі міжнароднага характару — у першую чаргу пытаннем санкцый.
"Вось, напрыклад, гэтая ідэя, агучаная генеральным сакратаром ААН, зняць санкцыі з Беларусі і з Лукашэнкі-Пуціна, я б так сказаў, — гэта тая тэма, па якой мы можам разам папрацаваць. Бо ні Беларусі, ні Украіне нецікава бачыць, як два дыктатары — Пуцін і Лукашэнка — атрымліваюць перадышку і дадатковыя рэсурсы. Першы — для таго, каб узмацняць агрэсію супроць Украіны, а другі — каб узмацняць рэпрэсіі супраць беларусаў. Таму мы, вядома, будзем гэтаму супрацьстаяць, і правільна было б гэта рабіць разам з Украінай, якая таксама зацікаўленая ў зняцці блакады з чарнаморскіх партоў, каб больш эфектыўна пастаўляць збожжа на сусветныя рынкі", — кажа Кавалеўскі.
24 траўня дэлегацыя Офіса Ціханоўскай на чале з Кавалеўскім перадала беларускім добраахвотнікам з палка Каліноўскага і палка "Пагоня" аўтатранспарт, а таксама медыкаменты, турнікеты і прадукты. Гэтую дапамогу сабралі беларусы і мэрыя Вільні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.