Вайскоўцаў могуць прыцягнуць да аховы латвійска-беларускай мяжы

За мінулыя суткі на літоўска-беларускай мяжы зноў затрымалі нелегальных мігрантаў / pasienis.lt​
За мінулыя суткі на літоўска-беларускай мяжы зноў затрымалі нелегальных мігрантаў / pasienis.lt​

Латвійскія памежнікі будуць прасіць вайскоўцаў дапамагчы ва ўзмацненні аховы мяжы з Беларуссю, цытуе начальніка памежнай аховы Латвіі Гунціса Пуятса агенцтва ТАСС. У краіне хочуць падрыхтавацца да магчымай хвалі нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі.

Пакуль абстаноўка на латвійска-беларускай мяжы спакойная, але з з канца траўня — на фоне навін з Літвы — тут таксама ўзмацнілі ахову мяжы. Рызыкі растуць, мяркуюць у Латвіі.

"У сувязі з тым, што гэтыя рызыкі і напружанне растуць, я ўжо звярнуўся да камандуючага Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі, а таксама звярнуся да міністра абароны, каб узброеныя сілы і народнае апалчэнне аказалі падтрымку ў ахове мяжы, каб было даступна больш рэсурсаў для працы з магчымымі парушальнікамі", — заявіў Пуятс.

Акрамя таго, у ведамстве ўжо распрацавалі план дзеянняў на выпадак, калі колькасць парушальнікаў на мяжы з Беларуссю істотна ўзрасце. Калі сітуацыя пагоршыцца, не выключаецца і ўвядзенне надзвычайнай сітуацыі.

У Літве рэжым надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з рэзкім ростам нелегальнай міграцыі з Беларусі абвясцілі ў канцы мінулага тыдня. З пачатку года ў краіну нелегальна спрабавалі трапіць 1363 чалавекі. Для параўнання: за ўвесь мінулы год такіх быў усяго 81 чалавек.

Літоўскія памежнікі ў апошнія месяцы кожны дзень спыняюць вялікія групы парушальнікаў. За апошнія суткі — з раніцы панядзелка да раніцы аўторка — яны затрымалі на мяжы з Беларуссю 131 нелегальнага мігранта, гаворыцца на сайце Дзяржаўнай службы Літвы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі