"Вагнераўцаў" хочуць узяць на службу ў беларускія сілавыя структуры — BELPOL
Баец ПВК "Вагнер"
Улады Беларусі маюць намер легалізаваць знаходжанне ў краіне наймітаў ПВК "Вагнер". Ім прапануюць службу па кантракце ў беларускім войску і структуры МУС, паведамляе BELPOL са спасылкай на свае крыніцы.
Для гэтага ў заканадаўства краіны плануюць унесці змены — дазволіць замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства паступаць на ваенную службу па кантракце. Размова ідзе аб кантрактнай службе ва ўзброеных сілах, транспартных войсках, а таксама ўнутраных войсках МУС на пасадзе салдат, сяржантаў і старшын. Прадугледжваецца, што першы кантракт будзе заключацца тэрмінам на 1 год, другі — да 5 гадоў.
Па дадзеных крыніц BELPOL, такія "вайскоўцы" замест прыняцця ваеннай прысягі павінны будуць даць "абавязацельства" — выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаванні воінскіх статутаў і загады камандзіраў і начальнікаў, паважаць "дзяржаўныя сімвалы" Беларусі і добрасумленна выконваць умовы кантракту. BELPOL адзначае, што з прыняццем гэтага рашэння рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа атрымаць перад "выбарамі" 2025 года "спецпадраздзяленне" з ліку замежных наймітаў, здольнае выканаць любы загад дыктатара.
Падраздзяленні ПВК "Вагнер" апынуліся ў Беларусі пасля бунту, які зладзіў заснавальнік гэтай прыватнай ваеннай кампаніі Яўген Прыгожын. Сам ён пазней загінуў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.