Валанцёрак "Вулічнай медыцыны", якія дапамагалі бяздомным, асудзілі на 15 сутак
25 студзеня ў Кастрычніцкім судзе мінска судзілі валанцёрак ініцыятывы "Вулічная медыцына" Карыну Радчанка і Таццяну Лабазу.
Дзяўчат затрымалі ў суботу, 23 студзеня, у Міхайлаўскім скверы, калі яны аказвалі медыцынскую дапамогу бяздомным. Як паведамляе ТГ-канал "Вясна назірае", валанцёрак затрымалі разам з актывістамі ініцыятывы "Ежа замест бомбаў", якія бясплатна раздаюць ежу людзям, якія жывуць у нястачы. Разам з актывістамі міліцыянты затрымалі і тых, хто прыйшоў па падтрымку.
На судзе Таццяны Лабазы стала вядома, што затрымалі валанцёрак каля 14:00. Да таго часу яны паспелі агледзець каля сяім-васьмі чалавек. Але сведка-міліцыянт вырашыў, што яны "ўдзельнічаюць у мітынгу, бо кармілі бяздомных, знаходзячыся з каструлямі". Пры гэтым ён паведаміў на судзе, што не было ніякй сімволікі, не гучалі лозунгі. Таксама ён заявіў, што не бачыў, каб аказвалі медыцынскую дапамогу.
Радчанка і Лабазу судзілі паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Суддзя Алена Жывіца прысудзіла Карыне Радчанка 15 сутак арышту.
Справу Таццяны Лабазы суддзя адправіла на дапрацоўку. Пазней стала вядома, што Лабазу таксама асудзілі на 15 сутак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.