Валеры Костка: “Карта паляка” небяспечная хіба масавым адтокам работнікаў

Каб атрымаць шматгадовую бясплатную польскую візу, права на працу (у тым ліку на адкрыццё ўласнай фірмы) у суседняй краіне, навучанне і лячэнне, на якія дае права “карта паляка”, не дастаткова мець польскае паходжанне. Трэба ведаць мову, традыцыі і культуру суседняга народа: напрыклад, дзе месціцца Вавельскі цмок, як выглядае польскі сцяг і герб і г.д. 31 сакавіка польскія консульствы пачалі прымаць дакументы на “карту паляка”. Як паведамляла Еўрарадыё, ніхто з беларусаў гэтую карту пакуль не атрымаў, бо мінімальны тэрмін разгляду дакументаў – 14 дзён. У польскім консульстве ў Брэсце нам распавялі, што ў беларусаў ёсць вялікая цікаўнасць да карты.

Консульства ў Брэсце: Людзі прыходзяць да нас пастаянна, затораў пакуль няма, але ахвотных шмат. Мы, канешне ж, тлумачым усе фармальнасці. Прыходзіць шмат людзей, але не ўсе адразу пакідаюць дакументы, шмат якія размовы – гэта проста інфармацыйнае спатканне з консулам, а ў наступны раз ужо адбываецца афіцыйнае сумоўе.

Дакументы ў Брэсце, паводле інфармацыі консульства, падалі каля 100 чалавек, аднак па кансультацыі звярнулася значна больш:

Консульства ў Брэсце: О, гэта, я б сказаў, ужо больш за тысячу! Гэта ўлічваючы канультацыі па тэлефоне і праз электронную пошту, а не толькі асабістыя кантакты ў консульстве.

Тамсама Еўрарадыё распавялі, што рашэнне, даваць “карту паляка” ці не, прымае консул на падстве ведання польскай мовы, культуры і традыцыяў прэтэндэнта.

Консульства ў Брэсце: Здараецца так, што хтосьці прыходзіць і, пытаючы пра “карту паляка”, пачынае са “Здравствуйте!”. Канешне, мы ўсё распавядаем, аднак перадусім раім вучыць польскую мову, а пасля будзем размаўляць пра карту.

Еўрарадыё таксама даведалася, што ў першую чаргу “карты” будуць выдавацца старэйшым людзям і ніякага ліміту (кшталту, 50 картаў у месяц) не існуе.

Консульства ў Брэсце: Не, у нас няма планаў, у нас няма стаханаўшчыны. Колькі ў пэўны перыяд будзе трэба, столькі і выдадзім.

Друкавацца “карты паляка” будуць у Польшчы, таму ахвотным іх атрымаць апроч двух тыдняў, патрэбных на разгляд папераў, давядзецца пачакаць, пакуль карта будзе зробленая фізічна.

Консульства ў Брэсце: Неафіцыйна – зараз мы думаем, што ў траўні будзе магчымасць даць першыя “карты паляка”, але калі гэта будзе ў чэрвені, нічога дзіўнага ў гэтым не будзе.

Дарэчы, чалавек мае права паўторна падаваць дакументы на “карту паляка” пасля таго, як дадасць тое, чаго не хапала ў папярэдні раз.

Ёсць у палажэнні і пункт пра тое, што польскае паходжанне можа замяніць актыўная дзейнасць на карысць польскай культуры. Аднак гэты пункт прадугледжаны не для тых, хто не мае польскага паходжання, а для тых, хто не можа яго пацвердзіць.

Консульства ў Брэсце: Я асабіста ведаю такіх людзей, якія з’яўляюцца стоадсоткавымі палякамі, але ў іх усе паперы ці згарэлі, ці… ну, ведаеце, як гэта было раней.

У такой сітуацыі дакументы пра польскае паходжанне можна замяніць афіцыйнай паперай з “Саюзу палякаў Беларусі”, які ўзначальвае Анжаліка Борыс.

У кантэксце гучных шпіёнскіх скандалаў, якія рэгулярна ўзнікаюць у Беларусі, у інтэрв’ю Еўрарадыё былы супрацоўнік КДБ Валеры Костка адзначыў, што адзіная пагроза ад “карты паляка” для Беларусі – выезд працаўнікоў:

Валеры Костка: Усё можа выкарыстоўвацца ў тых і іншых мэтах, але я не думаю, што “карта паляка” – гэта праект спецслужбаў, каб тут ствараць нейкую выведчую сетку. Шкада, канешне, што нашыя людзі едуць у Польшчу, каб там працаваць на польскі народ, на ўрад Польшчы, а не на карысць сваёй дзяржравы – вось гэта мне шкада. Я чуў такую лічбу, што да 250 тысяч чалавек можа з’ехаць у Польшчу. А гэта ўжо прэтэнзіі менавіта да нашага ўраду, да нашага кіраўніцтва, бо трэба ствараць умовы, каб сюды ішла працоўная і творчая міграцыя, якая магла б развіваць нашую краіну.

Нагадаем, ад пачатку беларускія ўлады вельмі рэзка выказваліся наконт “карты паляка”, у прыватнасці галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч назваў яе “брутальнай атакай на Беларусь”. У сваю чаргу прэс-сакратарка польскай амбасады Моніка Садкоўская падкрэслівае, што “карта паляка” закліканая дапамагчы польскай дзяржаве выканаць свой абавязак перад суграмадзянамі:

Моніка Садкоўская: Польскі бок шматразова казаў, што ўвядзенне “карты паляка” не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах былога Савецкага Саюза ўспрымае як выкананне свайго абавязку перад палякамі, якія жывуць у гэтых краінах, каб зрабіць для іх магчымым наведаць сваю Бацькаўшчыну.

Фота: www.calend.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі