Вандроўнік: У экзатычных краінах мроіцца наш сасновы бор

120516 BirukouS.mp3

Еўрарадыё: Якія планы на лета?

Юры Бірукоў: Улетку я хутчэй за ўсё паеду кудысьці па Беларусі. У экзатычных краінах мроіцца вярнуцца ў нейкі сасновы лес. Потым былі планы даехаць спынам да Манголіі, а можа цераз Арменію, Грузію да Турцыі. Увосень мы думалі паехаць у Тыбет, у верасні, а ў кастрычніку ў Інданэзію, на выспу Папуа.

Еўрарадыё: Колькі часу займае такое падарожжа, ды колькі сродкаў трэба каб даехаць, а галоўнае вярнуцца?

Юры Бірукоў: У Інданэзію мы звычайна ездзім на месяц-два. Магчыма, мы спалучым Інданэзію з Малазіяй. Усё падарожжа, разам з білетамі, калі не харчавацца надта дорага, можа каштаваць нешта з 2000 долараў. 

Еўрарадыё: Мы ведаем, што Індыя ды Непал – гэта твая пасія. У сёмы раз вярнуўшыся з Індыі, што новага ты адкрыў?

Юры Бірукоў: Увесь час нешта новае…  Гэтым разам мы  цалкам выпадкова пазнаёміліся з вялікім удавам: было шмат віскату, крыку, але ўсё адно было цікава. Ездзілі на сланах, на вярблюдах, плавалі караблём па розных рачных затоках. У гарах пазнаёміліся з плямёнамі. 

Еўрарадыё: Наколькі плямёны адкрытыя на турыстаў?

Юры Бірукоў: Тры месяцы таму я быў у Танзаніі, у Афрыцы. Там я ўсё наконт плямёнаў зразумеў. Тыя плямёны, да якіх можна дабрацца, узятыя ў абарот нейкім кемлівым мясцовым жыхаром. Туды без білетаў не пускаюць, і гэдак па ўсім свеце. Там для турыстаў ужо гатовы нейкі танец, прадаюцца сувеніры… А тыя плямёны, што сапраўды жывуць у першабытным грамадстве – да іх звычайна дабірацца вельмі дорага і цяжка. Тое што сапраўды цікава – амаль недасяжнае. 

Еўрарадыё: А калі ўжо туды патрапіш, як з камунікаваннем?..

Юры Бірукоў: Падчас маіх падарожжаў я ўсвядоміў, што людзі здольныя разумець адно аднаго на ўзроўні думкі. Асноўныя патрэбы чалавека кожны разумее. Калі ж вы не ведаеце мовы – ёсць такая кніжачка “Размоўнік у малюнках”. У ёй некалькі тысяч карцінак, з рознымі відамі ежы і г.д. Вы проста паказваеце на карцінку, ды ўсе разумеюць, што вам трэба. Я заўважыў, што там дзе прайшоў “белы” турыст ды пачаў даваць грошы – там народ пачынае псавацца. Яны разумеюць, што з турыстаў можна браць грошы, пачынаюць з вас вымагаць, выпрошваць… А калі вы трапляеце ў месца, дзе перад вамі не хадзілі чароды турыстаў – там людзі больш шчырыя, адкрытыя, гасцінныя.

Еўрарадыё: Што вы параіце моладзі, якая хоча пачаць падарожнічаць?

Юры Бірукоў: Не трэба прыдумляць ніякіх страхаў. Усе перашкоды перадусім у галаве. Нават пры беларускай зарплаце можна назбіраць за некалькі месяцаў 500 даляраў на білет у тую ж Індыю. Трэба проста сесці ды паехаць.

Еўрарадыё: А як бяспечней – аднаму ці з кімсьці?

Юры Бірукоў: Я свае першыя падарожжы адбыў адзін. Цяпер я езджу з сябрамі і ў гэтым таксама ёсць свае плюсы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі