"Вашы погляды і падыходы нам не падабаюцца": звальненні ў Інстытуце генетыкі

Рукі прэч ад генетыкаў! / Новы Час
Рукі прэч ад генетыкаў! / Новы Час

5 ліпеня быў апошні працоўны дзень у трох супрацоўнікаў Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Яшчэ траіх чалавек з вялікай імавернасцю звольняць у жніўні-верасні. Колькі людзей у чарзе на далейшае "добраахвотна-прымусовае" звальненне — навукоўцы не ведаюць. Не выключана, што адміністрацыя неўзабаве спыніць махавік. Але можа быць і так, што пачнуць чысціць па "прафсаюзным спісе".

Рэч у тым, што ў лістападзе 2020 года 15 навукоўцаў Інстытута генетыкі і цыталогіі выйшлі з дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў і стварылі першасную прафсаюзную арганізацыю Свабоднага Прафсаюза Беларускага. Ёсць падставы лічыць, што спіс сябраў ячэйкі трапіў у рукі адміністрацыі інстытута. Адсюль усё пайшло.

"А вам не шкада інстытут развальваць?"

“Ваши взгляды и подходы нам не нравятся”: увольняют учёных из Института генетики
Акцыя салідарнасці навукоўцаў "Лазневы дзень" / Новы Час

— Асноўная прычына нашага ўступлення ў СПБ — імкненне аб'яднацца з аднадумцамі, — расказвае Еўрарадыё супрацоўніца інстытута. — Цяпер нас звальняюць па пагадненні бакоў. Калі паклікалі на размову, то ўжо былі гатовыя адпаведныя заявы і загады. Мы здзівіліся, што ж так загадзя — а калі не будзем падпісваць? У адказ пачулі пагрозы пра звальненні па артыкуле. Па розных абставінах ніхто з нас не пайшоў па-банку, таму афіцыйная фармулёўка ў працоўнай — "па пагадненні бакоў".

Гэта ініцыятыва сто адсоткаў ішла зверху, гэта не кіраўніцтва інстытута так вырашыла. Ім прыйшла разнарадка, і я думаю, яны гэтага не хацелі. Асабліва ні ў чым нас не дакаралі. Тыпу, "ну вы ж усё разумееце". Мною было зададзена пытанне: "Можа, я дрэнна працую?" — "Вашы погляды і падыходы нам не падабаюцца". Пытаюся: "А вам не шкада інстытут развальваць, адразу столькі людзей звольніць?" — "Не, не шкада. Мы вас папярэджвалі". Хоць асабіста мяне ніхто ні пра што не папярэджваў.

У выніку "несупадзення поглядаў" інстытут ужо цяпер губляе доктара і двух кандыдатаў навук. З тых, хто трапіў "пад каток", акрамя дзвюх маладых супрацоўніц, ва ўсіх ёсць дзеці. Куды падацца навукоўцу? Як утрымліваць сям'ю?

— Вядома, гэта страта. Гэта дырэктар у нас тут з 2017 года, а людзі адпрацавалі па 20 гадоў і свой уклад яны, безумоўна, унеслі, — тлумачыць Еўрарадыё суразмоўца. — Бо яны працавалі ў навуцы — у кожнага з іх ёсць пэўны бэкграўнд, любімыя даследаванні, якім яны аддалі шмат сіл і часу, укладвалі душу. Куды пайсці, напрыклад, малекулярнаму генетыку? Гэта не так проста. Дый калі спрабаваць працягнуць займацца навукай — то ўсё роўна гэта толькі дзяржустановы, і не факт, што там не паўторыцца тое самае. І наогул ці возьмуць — вось пытанне.

“Ваши взгляды и подходы нам не нравятся”: увольняют учёных из Института генетики
Рэпрэсіі ў нас у генах? / Новы Час

"Асноўная праблема — засілле выпадковых людзей у кіраўніцтве Акадэміі навук"

— У цяперашняй беларускай навукі ў такім выглядзе будучыні няма, — лічыць суразмоўца Еўрарадыё. — Сітуацыя такая, што найлепшыя навукоўцы пакідаюць краіну, часцяком проста вымушаныя бегчы. Фінансаванне навуковых даследаванняў ніколі не было ў Беларусі нават на ўзроўні сумежных постсавецкіх краін, не кажучы ўжо пра Еўропу. Штогод у першым паўгоддзі ў інстытутах узнікаюць праблемы з фінансаваннем. Навуковая дзейнасць заўсёды цікавая для незвычайных людзей. Калі прэстыж вымяраць грашыма — то не, навука цяпер не прэстыжная. Але цікавасць у маладога пакалення па-ранейшаму ёсць — гэта відаць па студэнтах на практыцы, навучэнцах на экскурсіях.

На думку навукоўцаў, асноўным каменем спатыкнення ў развіцці навукі ёсць не столькі праблемы з фінансаваннем, колькі адсутнасць кампетэнцыі "наверсе".

— Адна з галоўных праблем — засілле "выпадковых" людзей у кіраўніцтве Акадэміі навук. Там хто заўгодна — менеджары, клеркі, але ўжо не навукоўцы. Для іх выкананне фармальнасцяў — такіх як напісанне планаў, калькуляцый, справаздач — і ёсць навука. Але бяда ў тым, што ўся гэта калянавуковая лухта не мае нічога супольнага з пазнаннем і пошукам праўды, што і павінна быць мэтай для сапраўдных навукоўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі