Віцебская мытня затрымала садавіну і гародніну, якую везлі ў Расію
Супрацоўнікі Віцебскай мытні затрымалі болей за 100 тон садавіна-гароднінавай прадукцыі, якая незаконна пастаўлялася ў Расію. 67 тон нелегальнай садавіны выявілі падчас правядзення спецмерапрыемства: клубніка, чарэшня, вішня і яблыкі перавозіліся ў пяці фурах. Кіроўцы транспартных сродкаў не змаглі паказаць мытнікам суправаджальныя дакументы і фітасанітарныя сертыфікаты. Паводле папярэдняй ацэнкі, кошт партыі садавіны склаў 150 тысяч новых рублёў.
Нелегальную партыю гародніны таксама выявілі падчас спецмерапрыемства: аўтацягнік Volvo ішоў у Расію, але замест заяўленых у дакументах скрыняў з яблычным сокам у машыне знайшлі 19 тон свежых памідораў на 42 тысячы новых рублёў. У яшчэ адной спыненай фуры знайшлі болей за 20 тон яблыкаў на 24 тысячы рублёў. У дакументах на тавар былі непраўдзівыя звесткі пра адпраўніка і атрымальніка тавару.
Усю нелегальную прадукцыю канфіскавалі, перадае прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.