Віцебскія прадпрымальнікі сабралі дэпутацыю ў аблвыканкам

Віцебскія прадпрымальнікі сабралі дэпутацыю ў аблвыканкам

5 студзеня віцебскія прадпрымальнікі правялі сход у гандлёвым цэнтры "Эвіком". На ім было прынятае рашэнне пайсці ў сераду ў аблвыканкам, каб данесці да кіраўніцтва вобласці сваю пазіцыю, чаму з 1 студзеня яны спынілі працу.

У аблвыканкам накіруецца дэлегацыя з прадстаўнікоў 5–6 кірмашоў абласнога цэнтру. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" паведаміла кіраўніца аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў "Разам" Ірына Яскевіч. Прадпрымальнікі хочуць сустрэцца з кіраўніцтвам вобласці непасрэдна. Але ў кожным разе яны перададуць чыноўнікам рашэнне сённяшняга сходу, пад якім падпісаліся 500 чалавек.

На сходзе абмяркоўваліся і іншыя меры пратэсту. Напрыклад, масава патрабаваць сертыфікаты на тавары, якімі гандлююць сеткі "Еўраопта" або "Кароны". Гандляры з рынкаў перакананыя, што іх тавары нічым не горшыя за тое, што можна набыць у краме, але адмысловыя дакументы патрабуюць толькі ў іх.

Акрамя таго, плануецца зладзіць масавы паход у цэнтр занятасці, каб даведацца аб працаўладкаванні соцень людзей, вымушаных кінуць прадпрымальніцтва.

Наступны раз прадпрымальнікі вырашылі сабрацца 12 студзеня. Яны хочуць абмеркаваць вынікі паходу ў аблвыканкам, бо пакуль што чыноўнікі ніяк не адрэагавалі на спыненне працы рынкаў. Таксама будзе абмяркоўвацца магчымы марш пратэсту, заяўка на які ўжо пададзеная ў Мінску. Бліжэйшымі днямі прадпрымальнікі вырашылі распаўсюдзіць у Віцебску адмысловыя ўлёткі.

Дарэчы, падобныя ж сходы прайшлі 5 студзеня ў Гомелі і Магілёве.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі