Відэа: самы ветлівы міліцыянер мінскага метрапалітэна
Еўрарадыё атрымала відэазапіс, на якім сяржант з УУС па ахове сталічнага метро разбіраецца з шумнай кампаніяй. Мяркуючы па ўсім, міліцыянер западозрыў, што маладыя людзі выпіваюць на сходах у падземку, і просіць іх сысці. У адказ хлопцы пачынаюць спрачацца, а адзін з іх здымае тое, што адбываецца, на відэа.
Сяржант: Алкагольныя напіткі распіваць тут забаронена.
Кампанія: А мы не распіваем, дарэчы. Яна (бутэлька — Рэд.) пустая. Мы не пілі.
Сяржант: Малады чалавек, я вас папрашу камеру адключыць.
Аператар: Чаму?
Сяржант: Без маёй згоды здымкі забароненыя.
Кампанія: А чаму ў вас гэта дазволена, камеры вісяць у пераходзе!
Сяржант: Таму што яны ўсталяваны першапачаткова. Паводле правілаў карыстання мінскім метрапалітэнам, такія здымкі дазволеныя. А тут яны забароненыя без маёй згоды.
Аператар (паказвае на пусты парапет і троліць сяржанта): Тут напісана, што здымкі забароненыя ці дзе? Я не зразумеў.
Сяржант: Маладыя людзі, давайце вы пройдзеце дадому і адпачняце.
Кампанія: А можна мы гэта самі вырашым?
Сітуацыя пачынае распальвацца яшчэ больш. За канфліктам назірае яшчэ адзін міліцыянер, які, падобна, гатовы да рашучых дзеянняў. Сам сяржант раззлаваўся, сціснуў кулак, але не адступаецца ад сваёй інтэлігентнай лініі паводзінаў. Уражанне такое, што вось-вось міліцыянеры пойдуць на затрыманне.
Нехта з кампаніі: Што мы парушаем?
Сяржант: Вы парушаеце на дадзены момант ведаеце што? Артыкул 17.4 Адміністратыўнага кодэкса. Знаходзіцеся ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Самы ўзбуджаны хлопец з кампаніі: Вы вызначылі, што я ў стане алкагольнага ап’янення ці што?
Сяржант: Я думаю, што так.
Узбуджаны хлопец: Вы думаеце ці вы вызначылі?
Сяржант: Я вызначыў.
Узбуджаны хлопец: Як?
Сяржант: Ад вас даносіцца пах алкаголю і вашае маўленне трошкі…
Узбуджаны хлопец: У вас, можа быць, нюх не такі. Вы, можа быць, адчуваеце не так…
Сяржант: Чаму?
Узбуджаны хлопец: Фактары вы мне пералічыце…
У гутарку ўкліньваецца яшчэ адзін хлопец з кампаніі: Окей, мы зразумелі прэтэнзіі, мы адсюль саступім.
У канцы відэа адбываецца досыць добразычлівае развітанне, і кампанія сыходзіць з метрапалітэна. Хоць скончыцца усё магло і затрыманнямі і штрафамі да 8 базавых велічыняў. У найгоршым выпадку — суткамі за хуліганства.
Паводзіны маладога сяржанта, здавалася б, абсалютна нармальныя. Але для Беларусі яны выглядаюць незвычайна. Часцей міліцыянеры з мінскай падземкі трапляюць у скандальныя, а не ў пазітыўныя гісторыі.
Летась у верасні на станцыі “Уручча” людзі ў форме цягнулі па падлозе сляпога жабрака. Гэта шакавала многіх пасажыраў. Хоць, як потым высветлілася, пакрыўджаны мужчына быў далёка не анёлам.
Сёлета 28 красавіка студэнтка медуніверсітэта выклала ў інтэрнэт відэа, на якім малады міліцыянер робіць падножку яшчэ аднаму жабраку і наносіць удары яго сабаку. ГУУС Мінгарвыканкама пракаментавала сітуацыю ў такім ключы, што іх супрацоўнік быў вымушаны правесці сілавы прыём. Як даведалася Еўрарадыё ва УУС па ахове мінскага метрапалітэна, праверка па факце гэтага здарэння яшчэ не завершаная, і міліцыянер працягвае несці службу ў ранейшым рэжыме.