Відэа, як "Крумкачы" разграмілі мінскае "Дынама" — 4:1
17 траўня ў матчы 8-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе "Крумкачы" выйгралі ў мінскага "Дынама" — 4:1. Паядынак праходзіў на стадыёне ФК "Мінск" пры аншлагу. Ужо на 15-й хвіліне "Крумкачы" выйгравалі з лікам 2:0, вызначыліся Сяргей Корсак і Сяргей Шчагрыковіч. Дынамаўцы больш валодалі мячом, але наперадзе ў іх мала што атрымлівалася. У пачатку другога тайма Вячаслаў Глеб робіць лік разгромным (на матчы, дарэчы, прысутнічаў сярод заўзятараў яго брат Аляксандр Глеб). Адзінае, што ўдалося "Дынама", "арганізаваць" аўтагол у браму "Крумкачоў" на 73-й хвіліне. А на апошніх хвілінах Яўген Шыкаўка ў контратацы паставіў пераможную кропку.
Дэбютант вышэйшай лігі набраў 14 ачкоў і выйшаў на другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Наперадзе толькі БАТЭ, у якога 19 ачкоў.
Вынікі іншых сённяшніх матчаў: "Белшына" — "Славія" — 2:2, "Граніт" — "Слуцк" — 2:1, "Нёман" — "Іслач" — 2:1.
Першыя чатыры матчы тура прайшлі 16 траўня. Сярод іх адзначым паражэнне БАТЭ ў Наваполацку ад "Нафтана" — 2:3.