Віктарын: Для ЕС парламенцкія выбары ў Беларусі будуць лакмусавай паперкай
Для Еўрасаюза парламенцкія выбары ў Беларусі ў 2016 годзе будуць лакмусавай паперкай. Пра гэта кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне Андрэа Віктарын заявіла ў інтэрв'ю парталу tut.by.
"Усе ў Еўрасаюзе будуць вельмі ўважліва сачыць за парламенцкімі выбарамі... Мы спадзяемся пабачыць прагрэс у сферы выканання рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ і чакаем, што выбары будуць справядлівымі і пройдуць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі", — кажа Віктарын.
Паводле яе слоў, сёлетняя адмена санкцый у дачыненні афіцыйнага Мінска — "гэта пэўны крэдыт даверу Беларусі". Пры гэтым у Бруселі чакаюць "руху ў правільным накірунку ў сферах правоў чалавека і вяршэнства права". "Мы хочам, каб Беларусь была бліжэй да Еўропы", — адзначыла кіраўніца прадстаўніцтва ЕС.
Андрэа Віктарын паведаміла, што Беларусь і ЕС дамовіліся пра 29 мераў па збліжэнні. Але гэта ўнутраны дакумент, змест якога не разгалошваецца.