Актывістка Вольга Гарбунова даслала шчымлівы ліст з-за кратаў
Былая кіраўніца прытулка для жанчын "Радзіслава" Вольга Гарбунова даслала ліст з-за кратаў, у якім распавяла, што робіць усё, каб захаваць сябе, паведамляюць праваабаронцы.
Вольга піша, што ўбачыла паштоўку з вакзалам і расплакалася. Вакзал знаходзіцца у кіламетры ад СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, дзе цяпер знаходзіцца Гарбунова. Яна згадвае, "колькі людзей я там забрала і адвезла ў прытулак, колькі падарожжаў маіх там пачыналася".
Актывістка кажа, што заўсёды марыла пабываць у "Мінскім замку" і меркавала, што тут, як і ў іншых гарадах Еўропы, закрыюць турму і зробяць музей, "але сусвет вырашыў інакш". На думку Вольгі, беларусам яшчэ далёка да поўнага ўсведамлення, што гэта за месца ў нацыянальнай гісторыі.
"Хацелася б напісаць, што я ў парадку, не хвалюйцеся, усё будзе добра зусім хутка, але падобна я не настолькі моцная і смелая, як я пра сябе думала раней", — піша напрыканцы ліста Гарбунова.
Жанчына дзякуе ўсім, хто на сувязі з ёй і кажа, што гэта вельмі вялікая падтрымка для яе ў цяперашні цёмны час.
Як паведамляла Еўрарадыё, 9 лістапада Вольгу Гарбунову арыштавалі па падазрэнні ў арганізацыі жаночых маршаў у 2020 годзе. Пасля затрымання яна амаль два тыдні трымала галадоўку.
Вольга Гарбунова — актывістка, былая кіраўніца арганізацыі "Радзіслава", якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту. Гарбунова была адной з гераінь міжнароднага дакументальнага фільма "WOMAN", дзе сабраныя апавяданні 2 тысяч жанчын з 50 краін свету. Пра свой удзел у гэтым фільме Вольга расказвала ў размове з Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.