Вось якія ежа і напоі лічацца найбольш шкоднымі для зубоў
Шкоднай можа быць нават бульба (калі яе шмат)
Мы ўсе з дзяцінства чуем пра шкоду цукерак для зубоў, як і пра тое, што газіроўка можа разбураць эмаль. Але на гэтым спіс найбольш шкодных для нашых зубоў прадуктаў не сканчаецца. Пра што яшчэ трэба памятаць?
Як зразумець, што шкоднае для зубоў?
Ёсць розныя фактары, якія трэба ўлічваць, калі вы спрабуеце зразумець, ці не шкодная для зубоў тая ці іншая ежа або напой, нагадвае the New York Times доктар Апаэна дэ Агіяр Рыбейра з Універсітэта Паўночнай Караліны.
Унутры нашага рота жыве больш за 700 відаў бактэрый — некаторыя з іх карысныя, некаторыя — шкодныя. Шкодныя бактэрыі расшчапляюць цукры з прадуктаў харчавання і напояў і ператвараюць іх у кіслоты, якія з часам могуць выцягваць неабходныя мінералы з вашых зубоў і прыводзіць да карыесу.
Калі не чысціць зубы належным чынам, бактэрыі таксама могуць утвараць мяккую плёнку або налёт на паверхні зубоў, што можа пагоршыць кіслотнасць і стварыць ідэальнае асяроддзе для размнажэння яшчэ большай колькасці бактэрый. Калі зубны налёт расце і цвярдзее, ён можа ператварыцца ў зубны камень, які таксама можа раздражняць дзясны і выклікаць гінгівіт.
Дык якія прадукты шкодзяць?
Вядома, асабліва шкодзяць зубам салодкія прадукты. Цукрозу можна знайсці ў многіх апрацаваных харчовых прадуктах і салодкіх напоях. Ратавацца падсалоджвальнікамі таксама не варыянт: яны яшчэ слаба вывучаныя, і існуюць навуковыя працы пра сувязь таго ж аспартама з рызыкай развіцця анкалогіі.
Любыя клейкія і жавальныя прадукты таксама шкодныя для зубоў. Гэта не толькі мармеладкі, але і сухафрукты, сіропы і гэтак далей. Іх часцінкі вязнуць паміж зубамі, а калі лішак цукру затрымліваецца там, шкодныя бактэрыі могуць захоўваць яго ў сваіх клетках і прадукаваць кіслату на працягу некалькіх гадзін пасля таго, як вы паелі.
Праблема — і з многімі напоямі: газіроўкай, энергетыкамі, сокамі і малочнымі кактэйлямі. Тут асноўная рызыка ў кіслотнасці: зубы разбураюцца, калі ўзровень pH падае ніжэй за 5,5. У сярэднім у газіроўкі гэты ўзровень — каля 3-4. Як раяць лекары, калі вам вельмі моцна хочацца выпіць напою, лепш зрабіце гэта за раз, а не расцягвайце на ўвесь дзень. Ну а наогул, зменшыце іх спажыванне.
Тое ж самае тычыцца і кавы, і алкагольных напояў. У вялікай колькасці, нагадала доктар, шкода можа быць і ад некаторых гародніны і садавіны — напрыклад, цытрусавых, бульбы, рысу і нават бананаў. Але толькі ад вялікай колькасці. Акрамя таго, у кантэксце гародніны і садавіны шкода кампенсуецца карысцю ад пажыўных рэчываў.
Аднак большасць негатыўных наступстваў для зубоў ад прадуктаў харчавання і напояў можна папярэдзіць правільнай гігіенай поласці рота: чысткай зубоў, выкарыстаннем зубной ніткі і ірыгатара. І рэгулярна праходзьце агляд у стаматолага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.