Вуліцу Зыбіцкую ў Мінску перакапалі да канца жніўня
Мінчук Ігар Кольчанка апублікаваў у сваім акаўнце на Instagram фатаздымак перакапанай Зыбіцкай. Гэтая вуліца Мінска вядомая сваімі барамі і рэстаранамі.
На фота бачна, што на вуліцы працуе экскаватар. Мінчук падпісаў: "Няма больш Зыбіцкай. На бліжэйшы месяц".
У каментары парталу tut.by галоўны інжынер КУП "Мінская спадчына" Міхаіл Жых растлумачыў, што асфальтабетоннае пакрыццё на гэтай вуліцы мяняюць на дробную плітку. Тое, што працы будуць адбывацца ў жніўні, было зацверджана праектам па рэканструкцыі гістарычнай часткі ў межах Верхняга горада.
Працы запланаваныя на тры тыдні. Мяняецца пакрыццё ад гатэля Mercure, які яшчэ будуецца, да вуліцы Інтэрнацыянальнай. Першая палова вуліцы, кажа Жых, была зробленая два гады таму, другой займаюцца акурат цяпер. Перамяшчацца па Зыбіцкай можна будзе па пешаходнай зоне.
Дарэчы, сёлета асфальт на плітку плануецца памяняць таксама ва ўнутраных дворыках Верхняга горада, у Музычным завулку і на ўчастку вуліцы Інтэрнацыянальнай.