Вяскоўца, які збіў да смерці 4-гадовую дзяўчынку, асудзілі на 20,5 года
Вяскоўца, які збіў да смерці 4-гадовую дзяўчынку, асудзілі на 20,5 года зняволення. Такое рашэнне прыняў Магілёўскі абласны суд. 27-гадовы Ігар Бурдоў быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве, ён будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Маці дзяўчынкі асуджаны мусіць выплаціць 10 тысяч рублёў маральнай кампенсацыі, паведамляе партал tut.by.
Трагедыя здарылася ў канцы сакавіка ў вёсцы Амховая-1. Маці дзяўчынкі была на працы, дачку пакінула са сваім сужыцелем. Мужчына пасля распавёў, што дзяўчынка яго не слухала. Ён яе біў па ўсім целе рукамі, нагамі, рамянём з металічнай спражкай і нейкім “неўстаноўленым прадметам”. Эксперты мяркуюць, што было нанесена не менш за 50 удараў, у тым ліку 13 — у галаву. З хаты Бурдоў сышоў і пакінуў збітае дзіця адно. Вярнуўся раніцай, пабачыў дзяўчынку без прытомнасці і выклікаў хуткую дапамогу. Адзначаецца, што на той момант ён быў п’яны. Дзіця ад атрыманых цяжкіх траўмаў памерла ў рэанімацыі абласной дзіцячай бальніцы.
Суд разглядаў гучную справу з канца жніўня. На папярэднім следстве мужчына гаварыў, што любіў дзяўчынку, як родную дачку, а яна называла яго татам. Суд прызначыў Ігару Бурдову такое ж пакаранне, якое прасіў пракурор. Асуджаны з прысудам не згодны і збіраецца яго абскардзіць.