Выказваем заклапочанасць: скрадзены ўкраінскі самалёт, нелегальны рэйв у Італіі

Сцісла пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё
Сцісла пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

Мы зрабілі для вас дайджэст сусветных навін за 24 жніўня, якія ўзрушалі і забаўлялі свет.

У МЗС Украіны паведамілі аб крадзяжы самалёта талібамі. Потым абверглі сваю заяву — аказалася, што ўцекачы проста ўзялі яго ў арэнду

Сёння раніцай усе сусветныя СМІ абляцела навіна: у Афганістане Талібы ўкралі ўкраінскі самалёт, на якім павінны былі паляцець грамадзяне Украіны. Пра гэта ў інтэрв'ю "Грамадскага радыё" расказаў намеснік кіраўніка ўкраінскага МЗС Яўген Енін.

Праз некалькі гадзін пасля гэтай заявы Еніна спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка абвясціў, што інфармацыя аб захопленым самалёце не адпавядае рэчаіснасці. Ён выказаў здагадку, што словы аб угнаным самалёце былі апісаннем "беспрэцэдэнтнага ўзроўню цяжкасцяў, з якімі даводзілася сутыкацца дыпламатам, каб выцягнуць украінцаў".

А яшчэ праз некалькі гадзін ва ўкраінскіх СМІ з'явілася інфармацыя, што самалёт не ўкралі, а насамрэч ён быў зафрахтаваны багатымі бежанцамі з Афганістана, якія паляцелі ў Іран.

"На борце былі багатыя шыіты-хазарэйцы, якія заплацілі за палёт у Іран валютай, золатам і каштоўнымі камянямі", — паведаміла выданне "Страна.ua".

Беларусь адкрые пасольства ў Зімбабвэ

Навіна, у якой усе зразумела з аднаго загалоўка. Раней МЗС Беларусі казаў, што скароціць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў краінах, дзе на працягу доўгага часу іх праца не прыносіла знешнеэканамічнай аддачы. Пры гэтым будуць адкрывацца новыя ўстановы там, дзе МЗС бачыць перспектывы росту супрацоўніцтва.

І сёння была зарэгістраваная пастанова Саўміна №477 ад 23 жніўня "Аб адкрыцці Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Зімбабвэ".

Паводле звестак Белстата, таваразварот Беларусі і Зімбабвэ за першае паўгоддзе вырас на 67,2% да 15,3 млн долараў. Пры гэтым экспарт з нашай краіны павялічыўся на 72,8% да 10,6 млн долараў, а імпарт — на 55,6% да 4,68 млн долараў.

Летась беларускі экспарт у Зімбабвэ склаў 24,1 млн долараў, а імпарт з гэтай краіны — 9,5 млн долараў.

Сапраўды, стратэгічны кірунак.

У Італіі на шасцідзённым нелегальным рэйве згвалтавалі некалькіх жанчын

У мінулым годзе мільёны жыхароў сядзелі дома, мянялі свой лад жыцця, прывыкалі да дыстанцыйнай працы і розных фарматащ правядзення вольнага часу. Усе стаміліся, таму калі забаўляльныя мерапрыемствы ўсё ж праходзяць нягледзячы на ўсе абмежаванні, гэта бывае жорстка.

Як у Італіі. Дзе на беразе возера Мецана прайшоў шасцідзённы фестываль. У ходзе "пякельнай вечарынкі", дзе сабралася каля 10 тысяч чалавек, адзін мужчына памёр, некалькі жанчын было згвалтавана, дзясяткі шпіталізаваныя з траўмамі і алкагольным атручваннем, а адзін рэйвер трапіў у лякарню з Covid-19.

Мясцовыя СМІ паведамілі, што падчас рэйву у адной з жанчын нават нарадзілася дзіця.

Былі паведамленні аб ахвярах і адной смерці. Памерлы малады чалавек — 24-гадовы Джанлука Сант'яга з Лондана. Дакладныя прычыны гібелі пакуль няясныя, яго нежывое цела знайшлі на беразе гэтага самага возера Мецан.

Дарадца рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя Алесі Д'амато канстатаваў, што вечарына "выйшла з-пад усялякага кантролю":

"Сітуацыя выйшла з-пад кантролю, перамовы немагчымыя, грамадскі парадак павінен быць адноўлены, людзі ідэнтыфікаваныя і ўстаноўлена адказнасць за такі сход", — сказаў ён.

Вакцыну Pfizer канчатковую ліцэнзавалі ў ЗША

"Сёння FDA ўхваліў першую вакцыну ад COVID-19. Прэпарат, вядомы як Pfizer / BionTech, цяпер будзе прадстаўлены на рынку пад назвай Comirnaty", — такі прэс-рэліз распаўсюдзіла ўпраўленне па кантролі якасці харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША.

Простымі словамі, гэта азначае, што вакцына бяспечная, эфектыўная і пры яе вырабе не парушаюцца высокія стандарты.

Вакцына прайшла ўсе клінічныя выпрабаванні і стала першай вакцынай ад COVID-19, якая атрымала поўнае і канчатковае ўхваленне ўладаў ЗША па стандартных правілах.

Выйшаў новы трэйлер Чалавека-павука

Кампанія Sony Pictures выпусціла першы афіцыйны трэйлер фільма "Чалавек-павук: Дарогі дамоў няма". Гэта трэці фільм, які з'яўляецца часткай сусвету коміксаў Marvel.

Сам фільм пакажуць на шырокіх экрана 17 снежня, а пакуль фанаты заўважылі, што ў трэйлеры "Дарогі дамоў няма" не паказалі акцёраў тобі Магуайра і Эндру Гарфілда, якія гулялі галоўныя ролі ў папярэдніх "серыях" і павінны былі з'явіцца ў новай частцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі