Выкладчык БДУ зрабіў заўвагу супрацоўнікам ДАІ і трапіў на Акрэсціна
У абед суботы 17 верасня дацэнт БДУ, кандыдат філалагічных навук, выкладчык латыні і грэчаскай мовы Дзмітрый Гоман едзе на ўласным аўтамабілі па Мінску і раптам бачыць, што на адной з вуліц стаіць машына ДАІ, а ля яе — даішнік, які здымае на відэа іншыя аўтамабілі, прычым, робіць гэта з дапамогай уласнага мабільніка.
"Я прыпаркаваўся і зрабіў яму заўвагу, бо супрацоўнік ДАІ не мае права гэтага рабіць паводле Закона аб інфармацыі і інфарматызацыі. Супрацоўнік ДАІ адмовіўся прыбіраць з відэазапісу мой аўтамабіль, адмовіўся выдаляць відэазапіс. Адмовіўся прадставіць нейкія дакументы на гэты тэлефон. Свае парушэнні не прызнаў", ― расказвае Дзмітрый.
Далей выкладчык грэчаскай мовы робіць не самую звычайную для шараговага грамадзяніна рэч ― патрабуе ад напарніка супрацоўніка ДАІ скласці пратакол на яго калегу. Ашалелыя супрацоўнікі ДАІ спачатку спрабуюць пагаварыць з дацэнтам на ходніку, але гэта ім удаецца слаба ― кандыдат філалагічных навук у дадатак да першай мае яшчэ і другую адукацыю, ён скончыў юрфак БДУ. Даішнікі хаваюцца ад Гомана ў патрульнай машыне, той пачынае здымаць іх на свой мабільнік. І прадказальна трапляе спачатку на задняе сядзенне аўтамабіля ДАІ, а потым у Савецкі РАУС, дзе даведваецца, што мае два пратаколы ― за пераход праезнай часткі ў няправільным месцы і за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У прынцыповага дацэнта забіраюць мабільны, грошы, шнуркі, шлюбны пярсцёнак і вязуць на Акрэсціна да панядзелка. Бо суд можа прайсці толькі ў будні дзень.
Я нічога не парушаў. І я дакладна ведаю, што супрацоўнік ДАІ не мае права здымаць іншыя аўтамабілі на свой уласны мабільны тэлефон. У іх гэта называецца "парушэнне табельнай паложанасці
Пра далейшыя падзеі расказвае жонка Дзмітрыя, Юлія, якая застаецца адна з двума малымі дзецьмі ― дачкой Евай і сынам Нілам.
"Муж пазваніў, расказаў пра усё, калі яшчэ яго толькі везлі ў РАУС. Я кінулася туды, хоць куртку яму перадаць. Перадала куртку, прашу, каб ключы ад машыны мне далі. Яны не пагаджаюцца. А там рэчы неабходныя, як я адна з дзецьмі? Далі ў выніку. Я дадому, палезла ў інтэрнэт, шукаць "гарачыя" нумары. А не працуюць ― выходныя. Я праваабаронцам тэлефанавала, у "Вясну". Мне параілі "не перажываць". Перазванілі праз дзень, далі нумары адвакатаў. Адвакаты папрасілі 2,5 мільёна. Я пытаюся, а што, калі ў панядзелак суда не будзе, калі перанясуць? Яны ― ну то яшчэ 2,5 мільёна тады. Дзякуй, кажу, да пабачэння", ― расказвае Юлія пра свае прыгоды ў будынку сталічнага суда Савецкага раёна. Сюды яна прыехала з абодвума дзецьмі а 9-ай гадзіне ў панядзелак. Дакладны час суда над мужам ёй ніхто не сказаў.
У суд Дзмітрыя прывозяць каля 11-ай гадзіны. За непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі яму пагражае ад 2 да 50 базавых штрафу альбо вяртанне на новыя "суткі" на Акрэсціна. Супрацоўнікаў ДАІ няма. У руках філолага пакет з перапісанымі рэчамі, на нагах расшнураваныя туфлі. "Ужо ў новым, адрамантаваным корпусе сядзеў", ― хваліцца кандыдат філалагічных навук. Дзмітрый кажа, што раней ніколі не меў праблем з праваахоўнымі органамі.
"Я нічога не парушаў. І я дакладна ведаю, што супрацоўнік ДАІ не мае права здымаць іншыя аўтамабілі на свой уласны мабільны тэлефон. У іх гэта называецца "парушэнне табельнай паложанасці", у загадзе 155 аб гэтым канкрэтна сказана. (згодна гэтаму дакументу, супрацоўнікі ДАІ могуць ажжыцяўляць кантроль за дарожным рухам з дапамогай візуальнага назірання ― Еўрарадыё) І супрацоўнік міліцыі гэта дакладна ведае. Таму іншы супрацоўнік міліцыі павінен быў прыняць вуснае паведамленне аб здзяйсненні правапарушэння сваім калегам. Але ён гэта зрабіць адмовіўся, што само па сабе з'яўляецца правапарушэннем", ― адсідка на Акрэсціна ніяк не паўплывала на рашучасць Дзмітрыя.
Ён чакае суда гадзіну, дзве і нечакана даведваецца ад міліцыянта, што можа ісці дадому, паседжанне па яго справе перанесенае, пра дату паведамяць эсэмэскай. Яшчэ праз пяць хвілін высвятляецца, што суддзя Арцём Бескішкі пагартаў пратаколы, складзеныя на Гомана, і адправіў справу на дапрацоўку.
"Сам таксама напішу скаргу на дзеянні супрацоўнікаў ДАІ", ― кажа Дзмітрый Гоман.